Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Таццяна Лех

Сярэдняя: 3 (2 галасоў)

Зацярушаны думкі смугою,
ты ў разваге аб нечым, здалек,
бо ніколі душу не загоіш, -
мы дзядоўнікам скрыты ўдваех.

Пустазеллем пакрытыя мроі.

Моўчкі слухаю ту цішыню,
што даслаў да мяне ў падарунак
ты ў лісце - бязуважна крануў
мае вусны - халодна, марудна.

Непахісны сусветныя руны.

Так. Пакуль непрытомна - кранай
з кветкі росную вільгаць уночы, -
ты яе асабіста паклаў.
Да сабе паасобку мы крочым,

заўважаючы свой небакрай.



Сярэдняя: 4 (3 галасоў)

Ля весніцаў вые сабака,
ці то папушчальніцтва змова,-
ня клічуць сабаку дахаты,
ня клічуць сабаку дадому,

Спалохана ен і трывожна
ўдыхае сняжынкі ў самоце,
ды позіркам бездапаможным
знішчае прарэхі ў плоце.

Мо, спіць гаспадар непрабудна?
Скуголіць сабака да ранку,
так блізка ад плота да будкі-
ды дужа заціснута клямка.



Сярэдняя: 3 (2 галасоў)

На гузікі зашпілена старанна
ад побыта штодзеннага пакут,
ад мітусні ў чарзе за шыбай крамы,
і выгляд пакамячаны крыху-

ен, як і ты, трывожны, ненаўмысны,
з грабеньчыкам у русых валасах,
падкрэсліўшы сумленна рэчаіснасць,
з авоські пазірае каўбаса,

агорнута ў паперу шэрых будняў,-
няма тых шаляў, каб узважыць рух,
а час мінуў- ці хутка, ці марудна-
неспадзявана душу праглынуў.

Нібыта ўчора птушкай заручонай
з лагодай ты лятала праз натоўп,
вяселкаю спавітая- учора,
а сення ты кабета ў паліто.



Сярэдняя: 4 (4 галасоў)

Жыве дзядок у сэктары прыватным,
ен, як сваяк ужо, бо вечар кожны
я бачу дзеда як паліць выходжу
на свой гаўбец, што на паверсе пятым.

Дзядок павольна ладзіць агароджу,
што да суседа паваліцца мусіць,
ледзь рухаецца ен нібыта вусень,
так цяжка ўжо яму- якія годы!

Жыве дзядок- таўчэ шарон у сенях,
нікуды ен ня можа ўжо спазніцца..
паглядвае, як шпаркая сініца
дзяўбе на ганку шрубалет з насеннем

ды ў хмары адлятае хутка, рушна,
а дзед трывае, дыхае нялегка,
ен з немаччу змагаецца рыдлеўкай,
са снегам, што усходы зацярушыў.

Анел жа, пазіраючы навокал,
ападкі адганяе на адлегласць,
за шыбаю ссівелай, зледзянелай
ўсміхаецца дзіцем ружавашчокім.