Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Ярына Дашына

Сярэдняя: 3.8 (6 галасоў)

В.
Верыш, людзі прымаюць ўсё на веру. Асабліва, калі жывуць па-першаму разу. Так непрыхавана і ў тваёй манеры — складаць Жыццё з пазлаў. Часам палохае толькі твая нічыйнасць, не адасобленасць нават, не чужароднасць, а прыналежнасць нікому і вершаправоднасць праз пазванок спіны з аддачай у шыйны. Вера, юродзівых столькі, што хочацца плакаць, скінуць усё шалупінне з душы агрубелай. Гэта сваяцтва нямое пяра і наждаку — адшліфаванае сэрца да сцёртасці белай. Проста да болю шкада разбураных гнёздаў, лялечных гнёздаў тваіх пасівелых анёлаў. Людзі на іх глядзяць панура і злосна, ты ж — са слязмі выцягвала іх з-пад колаў. Рыфмы праходзяць наскрось, як бронхаскапія. Мы распранаем словы, сэнсы гвалтуем. Песенькі “ню” і шэдэўры кулінарыі зноў анулююць сябе і час анулююць. Ведаеш, што бывае з тым, хто не верыць? Вершы бясконцых жыццяпісаў і назваў, запламбаваныя ў нямую паперу — насмерць. Цішэй! Бог ёсць, толькі Ён па-за веравызнаннем, Вера. Веравыгнаннем…



Сярэдняя: 4.2 (6 галасоў)

Вясна. ВРІ. Краіна на каранціне.
У гэтай краіне даўно не можацца жыць.
Зламанае сэрца лопнула ў спружыне.
Баліць…

І хто адшукае яго ў грукаце слова,
зламаным і хворым у дадатак яшчэ і б\у.
У тым перадсэрдзі — аскепак Айчыны свінцовы,
у гэтым — табу

на цябе. Запішы на вясенні рахунак
банальныя рыфмы — капежны рэчытатыў…
Сягоння мяне твой кантрольны ў лоб пацалунак
забіў.



Яшчэ не ацэнена

Мяне пераходзяць уброд
глухія, сляпыя, кульгавыя.
Любімыя і ласкавыя
ідуць у абход.
Смялеёшыя – кідкія ўплаў.
Палахлівыя – ледзь акунаюцца.
Ды толькі назад не выртаюцца
ахводчыя да перапраў.
І я, каб не патануць,
зямлю прыціскаю каленьмі.
На выспе, сярод тапельнікаў
баюся віры скалануць.



Сярэдняя: 3.8 (5 галасоў)

На апошнім паверсе маёй адзіноты -- пад мінус 20.
Так высока яшчэ ніхто і ніколі, ніхто і ніколі…
Адусюль можна ўбачыць трубы электрастанцый,
дымок уздымаецца ў нябесныя столі.
У перыяд распаду на часціны-часціцы
я табою перахварэла, рукі прэч ад майго Бога.
Я вывучыла напамяць усе твае небыліцы –
танную белетрыстыку і папуры-некралогі.
Адтаго, што ў гэтых пачуццяў тэрмін кароткі
дзеяння і гарантый няма фізічных,
у сваёй нарастаючай безвыходнасці – сто ад соткаў,
я памру ад хвіліннай пяшчоты ішэмічнай.
На апошнім паверсе маёй адзіноты – пад мінус 20.
Я да неба даўно прырасла дагары каранямі.
Мама сніцца балюча жывою, час прачынацца
у сюды, дзе сонца рэнтгенаўскімі прамянямі…