Сцішэлі водгукі вайны.
Зжаўцелі фота – у альбомах.
А маці тыя ж бачыць сны –
Як сын вяртаецца дадому.
Вось там, далёка, між палёў…
Хто гэта там сцяжынкай крочыць?
Сыночак! Родненькі! Дамоў!
Нарэшце, ён! Не маняць вочы!
Хаця ў іх ява – туманом ,
Яны ўглядаюцца ў прастору…
А як чакала! Дзень за днём!
А колькі слёз праліла – мора!
Усё глядзела ўскрай сяла,
Не зачыняла нават дзверы.
Чаканнем толькі і жыла,
Ды успамінамі, ды верай.
Любоў да сына праз гады,
Нібы паходню, ціха несла.
Яно – у сэрцы назаўжды,
І там яму не будзе цесна.
Няўжо пачуў малітвы Бог,
Пашкадаваў: ”Матуля, годзе!”?
Няўжо жывы яе сынок,
Нібыта ў цемру не сыходзіў?!
Душа ірвецца ўжо ляцець
І ледзь трымаецца за цела.
Хутчэй да сыначкі – сустрэць!
Ды ногі квёлыя здранцвелі…
Яна крычыць: “Сыночак мой!”
Хусцінку сцягвае на плечы.
Змятае сон. А перад ёй –
Ізноў… тужлівая пустэча…
очень хороший стих
очень хороший стих