Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

маці

Яшчэ не ацэнена

У гадзiны набатных турбацый,
калi й мужны зшыбаецца з ног,
ратаванне вымольвае мацi —
просiць Бога, каб дзетак збярог —

і малят-немаўлят, i дарослых,
і дзяцей, і унукаў сваiх...

"I над безданню, Ойца нябёсны,
захавай птушанятак маiх!

Уратуй iх палёт ад падзення,
ад варожай — у сэрца — стралы!
Барані, як бранёй, блаславеннем —
i вялiкiх, i самых малых!

Зберажы i ў iмгле ад нягоды
далягляды i крылы душы!
Хай у радасць iм будзе свабода
жыць па Слову Твайму — й не грашыць!

I прабач, што малюся не ў храме,
i так проста, як сэрца дае...“

Мацi плача — i неба над намi
спачувае маленням яе.

А яна
на зямлi,
што адкрыта
ўсiм вятрам
(затулiцца бы след!),
вечнай стражнiцай,
карыятыдай,
слёзы лье,
ды адмольвае
свет.

23.03.20



Сярэдняя: 4.2 (18 галасоў)

Спяшаешся гастрыць нажы,
Чакаеш доктара ў халаце.
На ампутацыю душы
Заўжды ідзеш, як крыўдзіш маці.
Ды застанецца ў сэрцы боль,
Не супакоіцца сумленне.
Гатовы б лыжкай есці соль,
Але не вернецца імгненне.
Адзін стаіш сярод мяжы,
Няўтульна стала ў роднай хаце,
На ампутацыю душы
Ідзеш заўжды, як крыўдзіш маці.



Сярэдняя: 4 (9 галасоў)

Цябе ўнучка назаве бабуляй—
І разбягуцца зморшчынкі на лбе.
Старэнькая, ласкавая матуля,
Як уявіць мне маладой цябе?

Ідуць гады. Старэе сад ля хаты,
Успыхне ўзмежак белым вішняком.
Ці помніш, як садзілі вішню з татам,
А я гуляў шчаслівым хлапчуком?

Пяць год назад мы спілавалі дрэва,
Але шпакоўню ўгору ўзняў вішняк.
І кожны раз сваім сардэчным спевам
Сустрэць вясну не забывае шпак.

Ссамочуся без дому, калі доўга
Я маці радасць не вязу з дарог.
Наскрозь працята позіркам дарога,
Ацеплены надзеямі парог.



Яшчэ не ацэнена

Дзіця! Чаго табе няймецца?
Чаму мяне хвалюеш зноў?
Ты зразумей: заўжды ад сэрца
Ідзе матуліна любоў.

І калі, нават, трошкі крыкну,
Дык “дзякуй” скажаш праз гады.
Схавай хутчэй і злосць, і крыўду,
Бяжы да мамы ад бяды.

Мая парада “розгай б’ецца”?
Дык не пакінула ж слядоў!
Запомні , дочачка, ад сэрца
Ідзе матуліна любоў.

Ты годзіш стрэчнаму любому,
Што верашчыць на ўсе лады.
Дачушка, знай, яны - на момант.
І толькі мама – назаўжды.

Яна з табою застанецца,
З ёй не адчуеш халадоў.
Павер, крывіначка, ад сэрца
Ідзе матуліна любоў.