Зямля ўжо ледзь трывае нас.
Калі ж здараецца з ёй штосьці,
На ўсе пытанні ёсць адказ:
Не ўладары мы тут, а госці.
Хоць чалавек на словах – цар,
А сапраўды – яшчэ нябога –
Нядбайны гора-гаспадар,
Калі судзіць аб гэтым строга.
Бо ўсё забруджвае вакол,
Не разважаючы, знішчае,
Бузіць, сваволіць, бы асёл,
Нібыта розуму не мае.
Змяняе плынь павольных рэк,
Паўсюль асушвае балоты
І год за годам, што ні век,
Стварае новыя турботы.
Шукае Бога ў абразах,
А Духу Боскага не бачыць.
Сапраўдны скарб знішчае ў прах
А з-за фальшыўкі горка плача.
Свае адстойвае правы,
А быць адказным не гатовы.
Не хоча браць да галавы
Старых прароцтваў мудрых словы:
"Нібы вада, пральецца кроў.
Душа зняволіцца за целам.
У свеце знішчыцца любоў.
А сэрца… стане скамянелым."
Ды толькі Творцу бачна ўсё –
Ён сее буру хмарай грознай:
“Нашто дарыў я ім жыццё?
Ці не забраць, пакуль не позна? ”
20.03.2011