Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

бабуля

Сярэдняя: 4.4 (24 галасоў)
                                      Памяці маёй бабулі

Паўсюль бабулечкіны рэчы —
Яны яе перажылі.
Старая плюшаўка за печчу,
Ды на падлозе дываны.
Яна вязала іх шыдэлкам,
Што сам дзядуля змайстраваў,
У будзень дзень. А ў нядзельку
Не дазваляла нават нам
Рабіць у гэты дзень нічога.
Казала: «Далей ад бяды.
У Бога, дзеткі, дзён так многа,
Дык вось і зробіце тады».
Яе цяпло, яе пяшчота —
Дзяцінства светлы ўспамін.
Шкада, што разумееш потым
Кошт ратавальных тых хвілін.
Калі яе ўжо не стала,
У снах я бачыла не раз,
Як бабка косы заплятала,
Варыла снеданне для нас.
Ніколі не была без справы:
Ці цыравала, ці мяла,
Ці чаравала штось над стравай,
Ці з пустазеллем бой вяла.
Бывала, ціхенька ўсміхнецца,
Прыгорне да сваіх грудзей —
Павесялее аж на сэрцы,
Ды стане на душы святлей.
Яна дарыла нам ласкавасць
I незабыўныя гады.
Неверагодна, але й старасць
Была да твару ёй заўжды.
I мне дагэтуль невядома,
Як нас пакінула яна,
Хавальніца спакою ў доме —
Выратавальніца мая.


Сярэдняя: 5 (3 галасоў)
                     Бабулі маей Алімпіядзе

Збалела бабуля мілая.
Як выжыць яшчэ змагла?
Няўцешна вачыма мілуе
Закуткі свайго жытла.

Стаіць у двары як вечнае,
Нібыта душа сама.
I сонца яе прасвечвае,
I ценю яе няма...


Сярэдняя: 2.5 (2 галасоў)

Маладосць была, ці прыснілася?

Глядзіць бабуля на закаханых,
Такіх прывабных, модна прыбраных.
І бачыць сябе ў іх, ранейшую,
Красуню вясковую першую.

Маладзенькай, з яснымі вочкамі
На спатканні бегала ночкамі,
Дзявоцтва пара бесклапотная,
Шчаслівая ды незваротная.

З любым у велюме абвянчалася.
Працы цяжкае не цуралася.
І дзеткі-парасткі новыя
Раслі, ёй на радасць, здаровыя.

Колькі чакала яшчэ дарог,
Ды старасць спадарыняй на парог,
Не думала ў справах пра гэта-
Журавы панеслі вясну і лета.

Абарванае лісце вятрамі
Падае-сцелецца пад нагамі,
Іней срабрысты асеў на скронях,
Моцы ранейшай няма ў далонях.

Хапіла ў жыцці дабра і ліха,
І разважае бабуля ціха:
Так доўга жыву, што стамілася,
Маладосць была ці прыснілася?

1999 г.