У шлях апошні, ў лёгкіх санках,
 Пасля развагі, а не здуру,
 Дзядуля цягне “нечытанку”,
 Каб здаць яе ў макулатуру.
У промнях сонца пераплёты
 Багаццем позіркі кранаюць –
 Прывабна ззяюць пазалотай,
 Узяць у рукі запрашаюць.
Вось толькі ўчора на паліцах
 Яны стаялі ў цёплым доме,
 А сёння доля іх згубіцца
 Паміж паперак і кардонак.
Хаця стары – не з ліку лохаў
 І не хварэе на галоўку,
 Тамы Есеніна і Блока
 Вязе на пераапрацоўку.
І Чэхаў тут, і Дастаеўскі.
 Што па тамах, што паасобку.
 Гняце маркота. Сэрцу кепска.
 Але так вырашана. Кропка.
І не таму, што сёння грошай
 Яму крытычна не хапае, –
 Стары чытаць ужо не можа –
 Аслаблы зрок не дазваляе.
Хацеў адвезці сыну, ўнукам,
 Дык не згадзіліся на гэта.
 Нашто, як маецца камп'ютар,
 Шчэ марнаваць час на паэтаў?
Дый у кнігарні, калі прымуць,
 Як на паліцы будзе месца,
 Так і пакрыюцца ўсе пылам,
 Нібы якое непатрэбства.
Куды яшчэ? Ў бібліятэку?
 Магчыма, ў сховішча закінуць?
 Там у старога чалавека
 Яго багацце, пэўна, прымуць?
Духоўны скарб. Ці “няўжыванка”?
 Што гэта – смецце ад культуры?!
 У шлях апошні: з дому, ў санках.
 О, горкі лёс літаратуры!
6.12.2010