Свабоды дух, ляці на крылах,
нібыта птах прыгожы, вольны,
хай грукацяць сабакі з тылу
па-за смуродам навакольным.
Ляці вышэй, каб не кранулі
тваіх адзенняў снежна-белых
шалёныя сляпыя кулі,
бо часам бог ратуе смелых.
Ляці хутчэй, каб кіпцюрамі
цябе не злапіла навала,
ды пільны будзь з валадарамі:
ім усяго спрадвеку мала.
Ляці туды, дзе не хапае
такой, як ты, цудоўнай птушкі,
хай нехта роў табе капае,
як падказалі д’ябла служкі.
Свабоды дух, ляці на крылах!
Ты – сцяг чаканай перамогі.
Для барацьбы надай нам сілы.
І міласэрнасці ад бога…