Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

тэрарызм

Сярэдняя: 4.3 (3 галасоў)

Калі б наперад людзі ведалі
І тое загадзя спазналі,
Што іх чакае ў Дамадзедаве
Ў гаротным аэравакзале!

Яны бы планы перайначылі,
Змянілі б рэйсы і маршруты,
Каб іх на бойню не прызначылі –
На паляванне смерці лютай.

Прылётаў зала... Люд чакаючы…
Страшэнны выбух… Груды целаў…
Падлогу кроўю заліваючы,
Балюе д’ябал звар'яцелы.

О, душагубы! Каты подлыя!
Няўжо вы тут, у гэтым пекле?!
А мо жывыя і свабодныя,
Агульнай жудасці пазбеглі?

Ці вам пляваць на ўзрывам зваленых?
Нашто так, нелюдзі ?! Навошта?!
Пачуйце крыкі, стогны раненых!
Ці іх жыццё не мае кошту?!

Навокал – нечыя каханыя.
Яны жылі, любілі ўчора,
А сёння – доля акаянная –
Спазналі смерць. Якое гора!

Даўжэе спіс людзей загінуўшых.
Бічуюць жорсткасцю навіны.
О, Божа! Дай астатнім сілушкі,
Каб перажыць, каб не загінуць!

Каб пахаваць на гора-выплаты
Бацькоў, мужоў, каханых, дзетак.
Каб адрыдаць, ды ўсё не выплакаць…
А кветкі, кветкі… Колькі кветак!

Ля іх - жанчыначкі ўчарнелыя,
Мужчыны, дзед слязу ўцірае:
“Хай вас, вар’яты азвярэлыя,
Гасподзь магутны пакарае!"

Хай пакарае! Ды не мілуе!
Няхай за ўсё яны адкажуць!
Падумаць страшна, людцы мілыя,
Чаго ўзамен ім Бог адважыць.

28.01.2011



Сярэдняя: 3.8 (4 галасоў)

Туга. Адчай. Знямога. Скруха.
Паблізу — слёзы. Ледзь крані.
Не маю сіл навіны слухаць.
У смутку… нават камяні.

Страшэнны выбух. Дым атрутны.
Тэракт на станцыі метро.
Людскія целы,ногі,рукі…
І смерць. Гаротнае таўро.

Чаму? Нашто? Адкуль — такое?
За што і хто знішчае нас?
Бунтуе сэрца пад рукою.
Але… Ці будзе нам адказ?

У мокры твар скуголіць вецер,
Спрабуе высушыць тугу.
Хтось каментуе ў Інтэрнеце,
А я і мовіць не магу.

Іду туды, ўскладаю кветкі.
Раздрай, разгубленасць і жах.
Няўжо мы ўсе — марыянеткі
Ў пачвары-нелюдзі ў руках?

Ў вачах — скалечаныя целы.
І кветкі, кветкі, свечкі, све…
Боль працінае звар’яцелы.
У плачы стыне свет.

Ці ж мы ў закладніках у катаў?
Ці наша доля — жаль, выццё?
Але ж павінна быць адплата —
За кроў, за слёзы, за жыццё!

Няхай зямля ў іх пад нагамі
Пякельным полымем гарыць!
Людскі прысуд — не за гарамі.
І кары Божай не спыніць.

14.04.2011



Сярэдняя: 5 (2 галасоў)
Чорная бездань...
                            Пакутамі – пекла ...
                                                        Жудасць і жах!
Гайкі і ніты –
                   каб смерцю пасекла –
                                                        ў жорсткіх руках...
У сэрцах вар'ятаў –
                             сумненняў ніякіх –
                                                          мэта – знішчаць...
Госпадзі – Божа!
                           А ці ж нас ад страху
                                                            не ўратаваць?!
Хто ім дазволіў
                          бязвінныя душы
                                                     раптам згубіць,
Выбухам радасць
                             людскую парушыць,
                                                               лёсы спаліць?
Колькі адчаю,
                       болю і гора,
                                           стогнаў і слёз!
Дзе тыя рукі,
                      дзе кат, каторы
                                                цемру прынёс?
Ці ж тая нелюдзь
                             штось разумее?
                                                       Чуе ці не?
Што калі-небудзь
                             зернем пасее,
                                                    тое пажне…