Сказаўшы “Досыць!” адзіноце,
 Па шаўкатраў’ю, па расе,
 Ідзе жанчына і жывоцік –
 Свой найвялікшы скарб – нясе.
Усмешка – сонейкам на твары,
 Хоць і не лашчыла жыццё:
 Кахала моцна – а без пары.
 Але – дзіцё! Яе дзіцё!
Яно ўнутры гуляе-б’ецца,
 Чакае часу ў свеце жыць.
 Яго маленечкае сэрца
 Пужлівай птушачкай трымціць.
Мо там – дачка? А мо – сыночак?
 Абраць бы лепшае імя!
 А колькі дзён і колькі ночак
 У светлых марах правяла!
Якім яе малютка будзе –
 У год, у тры, у дваццаць пяць?
 Ці неяк выб'ецца у людзі?
 Ці будзе маці шанаваць?
Яна ўжо дзіцятка кахае!
 Ажно пяе пад ёй зямля!
 Ў руках жывоцік калыхае –
 Нібы люляе немаўля!
Мо і глядзіць хто-небудзь скоса:
 “Што, нагуляла – і адна?”
 Але яна плыве па росах
 Як прыгажунечка-вясна…
І што ёй плёткі і зласлоўе?
 Яны развеюцца, як дым.
 А вось напоўненнасць любоўю
 Не параўнаецца ні з чым…
15.08.2010