Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

верш у прозе

Яшчэ не ацэнена

Люблю дождж. Асабліва летні, цёплы. Кроплі на сваім шляху да зямлі натыкаюцца на дахі дамоў, вершаліны дрэў, машыны, парасоны, зь якімі вечна кудысьці сьпяшаюцца людзі.

Кроплі б'юць па асфальце і зьбягаюцца ў ручайкі вясёлкавага колеру (верная прыкмета цывілізацыі), імкнучыся хутчэй змыць бруд з твару зямлі.

Пад дажджом выпростваецца трава, становіцца ярка-зялёнай, з празрыстымі пацеркамі на сьцяблінках. Дрэвы з удзячнасьцю і задавальненьнем шапочуць чыстаю, мокраю лістотай, нібыта кажучы: "...нарэшце... нарэшце... дождж... дождж..."

Паветра пасьля дажджу чыстае, прапітанае пахамі зямлі. Ды й сама Зямля ўяўляецца ня йнакш, як маладой прыгожай жанчынай.



Яшчэ не ацэнена

...Што ёсьць Беларусь? Кожнаму беларусу яна ўяўляецца па-свойму. Для мяне Беларусь пачынаецца зь вёскі, дзе нарадзілася мая маці, дзе ў дзяцінстве я бавіў час летніх вакацыяў.

Клічаўшчына... Край хваёвых лясоў з прамежкамі бярозавых гаёў, паўнюткіх баравікамі, махавікамі ды лісічкамі пад ялінкамі, балоцістых нізінаў з гронкамі палымяных журавінаў на зялёных купінах... Край прырэчных лугоў, дзе паважна ступаюць па мяккім дзірване квітнеючых красак белыя птушкі з чорнаю аздобаю на крылах. Гэта буслы – белыя рыцары Беларускай зямлі.

Гарэза-вятрыска сваволіць у кронах бярозак, палахлівы асіньнік шамаціць пад ягонымі цёплымі павевамі. Бяжыць у далячынь пяшчотная і ласкавая рэчка Даўжанка, буяюць зарасьцем аеру і алешкі берагі, віруе-гуляе на плёсах у рачной траве рыба...

Як устанеш ураньні – толькі сонца шчэ зьбіраецца выйсьці і туман над ракою плыве, нібы малако, ну, а хлопцы, зямлі беларускай сыночкі, ужо косы мянташаць – кладзецца трава пад лязом.

Беларусь! Пачынаесься ты з Закупленьня, з гэтай вёскі маленькай, мо будзе тут сотня двароў...
Беларусь! Для мяне ты купальская песьня і рыпеньне вясковых калодзежных жураўлёў...
Ды ці можна хіба прыгажосьць усю выказаць гэтую і пачуцьці, што поўняць душу зноў і зноў?!
Беларусь! Для мяне ты сьвятая зямліца! Нібы родная маці, ты сьвецісься ласкай сваёй!



Сярэдняя: 4.8 (6 галасоў)

...Здалёк паплылі хмаркі-аблачынкі, па вершалінах дрэў пранёсься вецер-сполах... І вось вялізная, фіялетава-шэрая хмара-пачвара наплывае на вёску. Уздымаецца вецер-паземнік і долу ляцяць першыя буйныя кроплі-дажджынкі. Яшчэ раз грозна ўздыхае хмарына і ўжо, здаецца, уся прастора, увесь сьвет апанаваны дажджавою навалай...
Лье моцны дождж, а адзін пеўнік-падлетак ходзіць па двары - хоць бы што яму. Можа, гэтаксама, як і я - любіць дождж? Памятаю ў дзяцінстве: як пачынаецца дождж, дык я выходжу з дому і - альбо блукаю пад дожджыкам па лужынах, альбо, схаваўшыся дзе-небудзь пад страхою, дыхаю чысьцюткім, вільготным паветрам, што поўніцца пахамі зямлі і ўсяго зямнога...

Пасьвятлела, дождж паменшаў і паступова сьціх зусім, пакінуўшы азёры-лужынкі ды на галінках дрэў - празрыстыя кроплі-сьлязінкі.

...Невялічкі прасьвет і... новая хмара, і моцны, зноў як зь вядра, дождж. Раздажджылася... Аблачыны-хмары шпарка плывуць чарадою на захад. Дзесьці ў нетрах нябёсаў грукоча-імчыць Перунова калясьніца -палымнеюць час ад часу прывідным бляскам маланкі...

На бярвеньні ўладкаваліся жоўтыя гарбузы-пузацікі. Паклала іх маці дасьпяваць, а тут дождж... Ну і няхай памыюцца.
На падворку сьветла больш-менш, а вось на лузе, за рэчкай, суцэльная шэрая дажджавая заслона.
Плача восень дажджом верасьнёўскім на хаўтурах па леце мінулым...



Яшчэ не ацэнена

У пакоі становіцца цёмна, нібы зьмярканьнем, ад вялікай шэрай хмары, і хутка па падваконьні бомкаюць буйныя кроплі дажджу, пырскі ад якіх трапляюць на шыбу, пакідаючы на ёй сьлед свайго кароткага жыцьця - жыцьця ад хмары-матулі да зямлі-красуні. Срэбна-прамяністыя дажджынкі скачуць па даху, шапацяць у лістоце дрэў, сьмела ныраючы ў шматлікія азяркі-калюжкі, якія сабраліся ад гэтага шчодрага і цёплага дажджу.

Усё жывое на зямлі радуецца гэтаму травеньскаму навальнічнаму дожджыку: бярозкі-прыгажуні і рабінкі-сястрычкі, стройныя клёны і пяшчотныя жаноцкія вербачкі-дзевачкі, і нават стары мажны волат-дуб на ўзгорку, і той нібы маладзее і выпроствае свае пакручастыя галіны зь лісточкамі-дубочкамі насустрач празрыстым, звонкім дажджынкам-дзяўчынкам. Зямля ўдзячна ўбірае жыватворную вадзіцу, каб потым спаўна аддаць яе ўжо сваімі гаючымі сокамі ўсяму жывому.