Юрась Півуноў (Юрый Мікалаевіч Півуноў) нарадзіўся 14 чэрвеня 1964 года ў Магілёве, вучыўся ў СШ № 25 г. Магілёва, у Гомельскім палітэхнікуме. Служыў у СА(у паветрана-дэсантных войсках). Працаваў слесарам-рамонтнікам на мэблевай фабрыцы, завочна вучыўся ў Беларускім тэхналагічным інстытуце (4 курсы), затым на беларускім аддзяленні філфака Магілёўскага педагагічнага інстытута (скончыў у 1996 годзе). Працаваў дырэктарам Магілёўскай філіі Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтра, карэспандэнтам магілёўскіх газет "Ратуша", "Зямля і людзі". З лістапада 1999 года – карэспандэнт газеты "Вечерний Могилев".
Друкаваўся ў зборніку-хрэстаматыі для вучняў старэйшых класаў "Сэрцам роднага слова краніся" (1998), у калектыўнай манаграфіі "Сацыякультурная прастора мовы" (1998), часопісах "Першацвет", "Маладосць", газетах "Чырвоная змена", "Наша Ніва", "Наша слова", у мясцовым друку Магілёўшчыны. Таксама вершы былі змешчаны ў беларускім календары "Родны край" (2004) і ў альманаху "Дзень паэзіі-2005". У 2000-ым годзе выдаў зборнік вершаў "Настальгія па вечнасьці".