Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

1964

Сярэдняя: 4.7 (17 галасоў)

Нас прадзімае вецер свежы,
Мы ловім пырскі і дрыжым.

Давай пакінем узбярэжжа
I зорнай сцежкай пабяжым.

Чаму няёмка і нясціпла?
За што пашлюць услед дакор?

Глядзі, — блакітны месяц выплыў
I высыпаў мільёны зор.

Гарачым прысакам і срэбрам
Ён сцежку вымасціў удаль,

I паласатыя, як зебры,
Варочаюцца спіны хваль.

А сцежка вабіць, сцежка кліча
За небакрай, за небасхіл,

Дзе нават Чарнамор не злічыць
Усіх сузор'яў і свяціл.

Хадзем! Хоць сёння будзь паэтам,
Не ў кабінеце, а ў жыцці,

Каб не стаяць за парапетам,
А сцежкай месячнай прайсці.



Сярэдняя: 4.5 (4 галасоў)

Жыла-была Марынка,
Капрызная дзяўчынка.
Яна аднойчы маме
Гаворыць са слязамі:
- Прыгожыя, цудоўныя
Імёны маюць дзеці.
Марынка ж – непрыгожае
Імя на цэлым свеце.

Задумалася мама
На нейкую хвілінку,
Пасля лагодна кажа:
- Ідзі гуляй, Марынка.

Тым часам я прыдумаю
Табе імя другое…
Як вернешся, пагутарым,
Параімся з табою.

Марынка выйшла ў двор.
Шуміць за вёскай бор.
Махнуў ён ёй хусцінкай –
Зялёнаю галінкай.

Пакуль у бор ішла,
Усім дапамагла:
Суседскай бабцы Полі
Прыгнаць гусей з ракі,
А цётцы Антаніне –
Пазносіць агуркі.

У дзядзькі Апанаса
Курэй прагнала з град,
Дзядулю Стасю хутка
Паленцы склала ў рад.

Марынку ўсе хвалілі
І так ёй гаварылі:
«Марынка – малайчынка,
Цудоўная дзяўчынка!»

Марынка паўз таполі
Ідзе, глядзіць вакол.
Пушынкі, як сняжынкі,
Прад ёю сцелюць дол.

Здалося тут Марынцы –
Іх голас, як жывы:
«Хутчэй, хутчэй, Марынка,
Лаві ты нас, лаві!
Марынка – малайчынка,
Цудоўная дзяўчынка!»

Ў бор ідзе сцяжынкай,
Там – верас, там – чабор.
І чуе, бы пяшчотна,
Ласкава шэпча бор:

«Уніз зірні, Марынка,
Вунь – збоку, вунь – далей
Сунічкі і чарнічкі,
Каштуй, каштуй смялей!
Марынка – малайчынка,
Цудоўная дзяўчынка!»

Ад радасці Марынка
Ані не чула стомы.
Шчаслівая дзяўчынка
Вярталася дадому.

Ледзь дзверы адчыніла
І крыкнула з парога:
- Мамачка, не трэба
Мне імя другога!



Сярэдняя: 4.5 (89 галасоў)

Раз летнім днём цераз дарогу
Мурашка пруцік валакла
Ды прыпынілася была,
Чакаючы сяброўку на падмогу.
I гэтым часам
Пачуўся нейкі гук,
Як бы спяваў хто басам,
А з гукам сеў паблізу Жук.
Глядзіць Мурашка палахліва:
Што за дзіва!
Такі бліскучы ягамосць -
Наставіў вусы ці то рогі,
Ідзе паважна ўдоўж дарогі,
Пагардліва наўкола пазірае,
Адзенне тое лакам ззяе -
Ці не замежны госць?
- Ну што, малеча, цяжка
Цягнуць такое на гарбе? -
Прамовіў Жук, заўважыўшы Мурашку.
- А мы працуем на сябе.
- Ды чуў... Пра гэта ўсюды трубяць.
Павага, слава, чэсць!
- Хто не працуе, той не есць.
- Давай, давай! Работа дурняў любіць.
- Без працы хіба можна жыць?
- Працуй. А мне на ліха праца?
I без яе як мае быць
Магу я смачна есці, піць,
Па модзе апранацца,
А слава... Што мне слава!
- Ці-ка-ва.
- Калі цікава, дык хадзем,
Я пакажу ахвотна,
Дзе я жыву і што я ем,
Якім я водарам дышу,
Як час праводжу бесклапотна
I на гарбе цяжару не нашу.
I ты жыццё мо перайначыш,
Як гэта ўсё пабачыш.
Да мэты прасцяком
Паўзе Мурашка за Жуком:
Хоць вокам глянуць на той рай -
На Жукавы палацы.
Мо праўда ёсць на свеце край,
Дзе можна жыць без працы.
Жук важна крочыць перадом,
За ім Мурашка сціпла.
Жук ганарліва: - Вось мой дом!
I тут... Мурашка ўліпла.

Такі ж не мелюць языком,
А праўду кажуць людзі:
Як папаўзеш ты за Жуком,
Дык апынешся ў брудзе.



Яшчэ не ацэнена

Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
Гэта ластавак шчабятанне,
Звон світальны палескіх крыніц,
Сінь чабору, і барвы зарніц,
І буслінае клекатанне.
Калі ж хто загадае: "Не трэба!" —
Адрачэцца ад мовы народ, —
Папрашу я і сонца, і неба:
Мне не трэба ні славы, ні хлеба,
Асудзіце на безліч нягод.
Толькі месяцаў назвы пакіньце,
Назвы родныя роднай зямлі,
Пра якія з маленства ў блакіце
Бор шуміць і пяюць жураўлі:
Студзень — з казкамі снежных аблокаў,
Люты — шчодры на сіні мароз,
Сакавік — з сакатаннем і сокам
Непаўторных вясновых бяроз,
Красавік — час маланак і ліўняў,
Травень — з першым каханнем, сяўбой,
Чэрвень — з ягаднаю зарой,
Ліпень — з мёдам,
З пшаніцаю — жнівень,
Спелы яблычны верасень,
Светлы кастрычнік
У празрыстасці чыстай, крынічнай,
Лістапад — залаты лістапад,
Снежань — першы густы снегапад...
Ці плачу я, ці пяю,
Ці размаўляю з матуляю —
Песню сваю, мову сваю
Я да грудзей прытульваю.