Нарадзіўся 24 ліпеня 1929 года ў вёсцы Рахавічы Салігорскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. Бацькі загінулі ў 1943 г. У першыя пасляваенныя гады выхоўваўся ў Мікашэвіцкім дзіцячым доме, у 1948-1950 гг. працаваў там старшым піянерважатым. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1955). Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Гайнаўскай сярэдняй школе на Лагойшчыне (1955-1958), працаваў на Беларускім тэлебачанні (1958-1960), у часопісе «Маладосць» (1960-1968), з 1972 г. - у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1958 г.
Першы верш надрукаваў у 1949 г., у рэспубліканскім друку - у 1952 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Вясновыя барозны» (1958), «Запрашэнне» (вершы і паэма, 1960), «У лясной старане» (1962), «Размова з адсутнымі» (1969), аповесці «Хлопцы з другога корпуса» (1964), «Капронавыя галёшы» (гумарыстычныя апавяданні, 1964). «Начная пагоня» (апавяданні, гумарэскі, аповесць, 1966). Для дзяцей выдаў кніжку «Сто братоў і сясцёр» (вершы і паэма, 1960) і паэму «Сыны Кастрычніка» (1969). У 1976 г. выйшла «Выбранае», у 1988 г. - кніга паэзіі «Такія і думы і словы».