Белыя росы — не рэха мінулага "ўчора" —
любае "сёння" — і людзі, і маці-зямля:
мора нябёсаў цалуецца з морам азёраў —
i пакiдае ў iх сонейкi — бачна здаля.
Глянеш на свет з вышыні сакалінага лёту —
і уздымаюцца крылы жар-птушкі-душы.
Гэтак любоў ахінае, i прага палёту,
і хараством захапленне — хоць оды пішы.
Змейкі дарог аплятаюць лясы, лугавіны,
у гарады запаўзаюць, у вёсак "раі" —
бы акантоўваюць мілыя сэрцу карціны:
хатачкі, жыта, дубочкi, балоты, гаі.
Коні-аблокі пасуцца на пажыцях рэчак.
І, каб зусiм не заснуць ад павольнай хады,
у "даганялкі" гуляюць (звычайныя рэчы!)
з адлюстраваннямі — "сэлфі" на фоне вады.
Ветрык услед іх "чыпурыць"— то злева, то справа.
А перад тым, як зляцець на начлег у лясы,
з матчынай ласкай расчэсвае "чубікі" травам,
зоркі ўплятае ў плакучых бяроз валасы...
І закалыхвае кветкі, што хорам спяваюць
гімн прыгажосці: "Стаміліся? Ну, да відна!"
О, мілата-асалода! Краса векавая!
Ты ненаглядная, родная, ў сэрцы — адна!
А далагляды якiя! Прыедзеце ў госці —
ўбачыце самі, калi ў нас яшчэ не былі.
Трэба не только здымаць іх "на памяць" і "пОсціць",
а й берагчы, i ахоўваць — як цуды Зямлі.
.
25.10.2017
Вельмі цікавы верш!
Вельмі цікавы верш! Спадабаўся!Тут мінулае з сучаснасцю сышыліся!
Вельмі прыемна гучыць верш!
Вельмі прыемна гучыць верш! Дзякую!