Схіляюся, Гасподзь, ля ног Тваіх.
На міласць спадзяюся – на Тваю.
І кожны выдых мой, і кожны ўдых
Табе змірэнна ў рукі аддаю.
Прымі мяне – такога, як я ёсць –
нікчэмніка ў струменях гаркаты –
і дай, Тваю спазнаўшы Ягамосць,
сказаць Табе, як мне патрэбны Ты.
Ты – хлеб мой і жывільная вада,
прытулак – і ў спякоту, і ў мароз.
А я... Мне без цябе зусім бяда.
Стаю... і не хаваю нават слёз.
Пачуй адчаю крык – пакайны плач!
Маё выратаванне – Ты адзін!
Не кінь мяне, знямоглага – прабач
і ад грахоў душу асвабадзі.
Малю Цябе – і ў шчасці, і ў журбе,
і ўранні, і ў вячэрнюю пару:
куды б я не памкнуўся, да Цябе
і розум мой, і сэрца накіруй.
На ўсіх шляхах ратуй мяне ад зла.
Ва ўсе часы ад смерці барані.
І ў цемры ніспашлі прамень святла,
і ў сцюжу распалі любві агні.
Я веру: Ты, мой Бог, – жыццё маё,
Ты – лекар мой, адзіны Гаспадзін.
А я –
дурное дзіцятка Тваё –
Твой блудны,
недарэчны
гора-сын.
11.04.2014