Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

малітва

Сярэдняя: 4.6 (8 галасоў)

Дзякую, нябесны Ойча,
што стварыў мяне аднойчы,
што ў халодны дзень зімовы
небыцьця разьбіў аковы,
адчыніў жыцьця мне дзьверцу,
і застукалася сэрца.
Я Тваім ягняткам стала,
Бо любіў Ты дасканала.

Дзякуй, Божа, за малітву,
што гучыць
у кожнай бітве з сатаною
дзіўным сьпевам,
каб з Тваім Айцоўскім гневам
прымірыцца назаўсёды.
За малітву, што народы
лучыць моцаю цудоўнай
і надзеяю чароўнай.

Дзякуй за Марыю-маці,
у якой усе мы брацьці;
за яе сьвятыя ўзоры
веры, мужнасьці, пакоры..
За заступніцтва й апеку
матчыны для чалавека
і за цуд Унебаўзяцьця
Беззаганнага Зачацьця.

Дзякуй за жыцьцё у міры,
неба белага эфіры,
за бязьмежжа супакою,
што ласкаваю рукою
сьцеражэш у нашых душах,
каб спаўнялі волю слушна
Тваю, Божа наш, сьвятую,
бо яна нас накіруе.

Дзякуй, Пане, за Радзіму,
наймілейшую, адзіну,
за зямлю, што з песьняй продкаў
расквітнела нетаропка.
З Тваёй Божай дапамогай
сталася яна не ўбогай
і нядужнай, а у зяньні
сонца промняў і каханьні
фарбамі цьвіце свабоды
на хвалу Табе й народу!

Кіра



Сярэдняя: 4.5 (16 галасоў)

Маленькая дзяўчынка
стаяла перад Богам на каленях.
Маліла: памажы мне –
згубілася, не ведаю, не веру…
Маліла: дай дажыць мне
хаця ж бы толькі ночку да світанку.
А не… даруй за ўсё
і беражы каханых матку, татку…

А Бог маўкліва слухаў з вышыні
дзіцячыя малітвы.
І не было мо часу памагчы
і выцягнуць з той дрыгвы.
Дзяўчынка памірала,
і побач ўжо ні веры ні надзеі.
“А мо шчэ утрываю, мо выжыву –
не замяце завея?…”

А за вакном мароз
малюе сваё свята зноў на шыбах.
Мяцеліцай занёс
вячорак шлях ад дому да магілак.
Дарога за вакном
у месяца святле зачаравана.
Дзяўчынка спіць даўно,
малітва пацішэла і апала.

Бог цяжка уздыхнуў.
Мо проста не хапіла часу...
Дзяўчынка разам з ім
аддала свой апошні подых разам.
І вецер гэтак млосна застагнаў
у коміне, тужліва.
Мароз заказытаў
пасля пяшчотай свежую магілу.

Маленькая дзяўчынка
стаяла перад Богам на каленях
Маліла: памажы мне –
згубілася, не ведаю, не веру…
А Бог маўкліва слухаў з вышыні
дзіцячыя малітвы.
І не было мо часу памагчы,
ды выцягнуць з той дрыгвы…



Сярэдняя: 4.7 (6 галасоў)

Як я стамілася, Божа,
хадзіць басымі нагамі
па гэтаму бездарожжу,
між гэтымі галасамі;
жадаць быць акутай лясамі,
развеянай ў полі вятрамі.
І сілы німа, мой божа,
прабіцца праз агароджу.

Халодным каменнем акутая,
схаваная ў шэрых мУрах,
душа мая век пакутуе
у гэтым духоцці тлуму.
Бясконцым аглушана шумам,
у шэрых схаваная думах,
нібыта вакол яе лютая
зіма. Так душа пакутуе.

Яна памірае, мой божа,
ад сонца дурнога цяпла.
Ёй кволай і бездапаможнай
хацелася крыху святла.
На сумную зорку пайшла,
ды толькі вады не знайшла.
Тут смага - напіцца не можа:
яна памірае, мой божа.

Мой божа, трымай маю душу,
дай волю за тымі мурамі,
бо я ўжо трываць тут не мушу,
бо глебы німа пад нагамі.
Бо, скутыя ланцугамі,
пабіты яны камянямі.
І раны гаяцца ня слушна.
Мой божа, трымай маю душу.

А там на пакосе так вольна,
гарэзліва лётаюць птушкі,
і човен калышыцца сонна
на хвалях радзімай рачушкі.
Над ім мітуслівыя мушкі
гуляюць ў свае паскакушкі.
Аблокі - авечая воўна,
паветра ўдыхаецца поўна.

Малю на каленях, мой божа,
забітая бездарожжам,
аб белі авечых аблокаў,
аб каласах і балотах,
аб ліпеньскіх цяжкіх спякотах -
аб волі малю цябе, божа,
каб сбегчы ад гэтых турботаў,
ад гэтага бездарожжа…



Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

Калі, распятая бядой,
душа слязьмі прасоліцца
і, растапіўшы льды-глыжы,
раскаецца ў грахах,
маліся, каб знайшоўся той,
хто за цябе памоліцца
і дапаможа перажыць
пясчаных замкаў крах.

Схапіся ў скрусе і жальбе
з уласнымі хімерамі,
прасі як хлеба і вады,
каб Бог аслабаніў
і каб пашчасціла табе
на брацтва моцных вераю,
чые самкнёныя шчыты –
цвярдыні-камяні.

І зноў паверыш у жыццё,
і здзівіш перамогамі,
і сам падзівішся, калі
ў сабе адкрыеш рай
і скінеш вонкае асцё –
і новымі дарогамі
нанова пойдзеш па зямлі…
у даль –
за небакрай…

25.03.2014