Агонь на дрывотні расклалі мы,
I закурыўся дым,
Якога тады наглытацца
Прыйшлося нам усім,
Пакуль кабана смалілі,
Пакуль падрумянілі так,
Што і за сялом чуваць быў
Духмянай скваркі смак.
Вехці з гаручай саломы
Падкладвалі пад кумпякі,
Пад карак, пакрыты шчацінай,
Пад вышчараныя клыкі.
А потым скраблі нажамі,
А потым змывалі вадой
I ў хату, як п'янага бога,
Ўняслі кабана грамадой.
Следам вятры за намі
Ўвагналі зіму не адну
I цюцьку з катом памаўзлівым,
Якія ўзнялі мітусню.
А потым шыпела патэльня,
I смажылася свежына,
I маці на стол высыпала
Бульбы гару з сагана.
Пасля там нейкай чаркі,
Я помню, гамонка пайшла
Пра розныя справы касмічныя,
Пра розныя справы сяла.
Былі мы, як чэрці, мурзатыя
Пасля работы такой...
Усё гэта мне прыгадалася
На дальняй зямлі чужой,
Калі я з сябрамі дзяліўся
Дамашнім салам тым,
Якое мне маці паклала
Перад падарожжам маім.