Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

пра Якуба Коласа

Сярэдняя: 4.3 (21 голас)
                           «У суботу еду ў Стоўбцы да Коласа».

                                                 З пісьма Янкі Купалы ад
                                                          26 ліпеня 1912 года

Да Стоўбцаў Купала ехаў.
Сышоў з цягніка спехам...
Значыць, недзе тут
родны Коласаў кут?
Родны ды паднявольны.
Калі што не так — у астрог.
«А як дабірацца да Смольні?
Хто б тут параіць мог?
Дарога зусім незнаёмая...»
Чуе Купала ў адказ:
«А вы ідзіце да Нёмана.
Вось гэтай сцяжынай якраз.
Пойдзеце па-над ракою,
не збочвайце нідзе.
Рака вас і прывядзе.
Да Смольні падаць рукою... »
Так і кіруе Купала.
Купала прыспешвае крок.
Шыр нёманская заззяла,
завабіла здалёк.
Плынь нёманская дыхнула
свежасцю густой,
сустрэла прахожага чула —
з яго імклівай хадой.
Нібы благаслаўляла,
давала сілы і ўздым...
Ідзе, ідзе Купала
нёманскім берагам тым.
Купала да Коласа ідзе,
Купалу Нёман вядзе,
Рака вяла, спрыяла,
бы ведала, што да чаго,
хто ідзе да каго...
Да Коласа — Купала.
Ведала як быццам,
што нельга іначай тут, —
сустрэча павінна адбыцца,
павінен збыцца цуд.
He вылазка на прыроду,
не святочны пікнік...
Тут — служэнне народу,
тут — сумлення крык.
Купала да Коласа ідзе,
Купалу Нёман вядзе,
Ускрыкнула звонка, голасна
птушка недзе ў трысці,
Купала ідзе да Коласа,
не можа не ісці.
Ці рана на Івана,
ці ў нейкі іншы дзень
так ім наканавана: 
адзін аднаго сустрэнь!
Адзін з другім сустрэнься,
Дайце братні зарок —
па-брацку — да песні песня,
па-брацку — да кроку крок!
Адзін у полі не воін.
Два берагі у ракі.
Купала і Колас — двое,
як гэтыя два берагі.
У гэтым краі хапала
міжусобіц і здрад...
Да Коласа — Купала
ідзе як да брата брат.
Каб шэрагам адзіным
пайсці на вялікі сход —
па бацькаўшчыну, па радзіму,
па шчаслівы народ.
Купала да Коласа ідзе,
Купалу Нёман вядзе...


Сярэдняя: 4.3 (6 галасоў)
                               13 жніўня 1956 года

                              «...праз трыццаць гадоў пісьмен-
                              ніцкі пленум разглядаў пытанне:
                              пісьмо, з якім Якуб Колас хадзіў
                              у ЦК партыі ў дзень сваёй смер-
                              ці... Пісьмо — пра становішча з
                              роднай мовай...»
                                                                             Янка Брыль
                              На стале песняра засталося не
                              дапісаным апошняе пісьмо мас-
                              коўскаму  перакладчыку Яўгену
                              Мазалькову.

Калышацца пад лёгкім ветрам жыта,
вартуюць сосны знакаміты дом.
Апошні дзень...
                             Яшчэ ён не пражыты...
Схіляецца чало над аркушам, сталом.
 
«Што напісаць? Ці праўдай гэта будзе?
Ці зразумееш, браце Мазалькоў...»
He промні жніўня
                                  злая сцюжа студзеня
залезла ў жылы і халодзіць кроў.

...На сосны глянуў, зачыніўшы брамку,
акінуў навуковы гарадок.
Кірунак ясны... Як і неба зранку...
Жыве надзея...
                             Рызыкоўны крок...

Хоць у паветры не было задушша —
спаў тры гады злавесны той мікроб,
што вытраўляў, гнаіў людскія душы,
ссылаў туды, дзе гаспадарыў крот...

Ішоў, люляў, шаптаў, нібы замову,
радкі свайго балючага ліста.
У ім слязой нявыплаканай — мова,
якой служыў,
                            якую страціць страх...

Яе адну хацеў аддаць нашчадкам,
як лёс Айчыны,
                              свой палынны лёс...
...Радкі ліста —
                                загадку часу —
душа таемна несла да нябёс...


Сярэдняя: 4.3 (4 галасоў)
Ён — гаспадар,
                     што ўстаў раней за сонца,
Каб зерня для сяўбы
                     нарыхтаваць.
Было нялёгка
                     вузкія загоны
Спустошанае нівы
                     засяваць.
Ён — гаспадар.
                     Ён добра ведаў сілу
Тых слоў,
Што сейбіт
                     кажа да раллі.
Сыпнуў ён зерне —
                     буйна ўскаласіла
Краса тых слоў
                     на ўсёй яго зямлі. 
Красуе ніва,
                     буйна каласіцца,
Яе сцяжынкі
                     ў новы свет вядуць...
Прыйшоўшы
                     гэтай ніве пакланіцца,
Ў дарогу ўзяць зярнятаў
                     не забудзь!