Ты ступаеш на брук, заімшэлы, даўно знаёмы.
Ён шчасліва раскінецца, выльецца прахалодай.
Пад царкоўных званоў несціханы і гулкі гоман
Ты бяжыш на кірмаш - пабліжэй да свайго народа.
Там ідзеш нетаропка, з цікаўнай такой усмешкай,
Павітаешся з кожным, спытаеш, як што каштуе.
Так свабодна і весела, з цэлым мяшком чарэшняў
Ты няспешна пракрочыш густы чалавечы вулей.
Разгарнуцца нябёсы блакітным буйным абрусам...
Што далей? І куды?
Маставая сама падкажа.
Ты гарэза-дзяўчынка нястрыманай Беларусі
І ты зведала горад - звычайна і незаўважна.
Ты сустрэнеш суседку, рамесніка і гандлярку,
Да старога садоўніка ветліва завітаеш,
Перагнешся праз весніцы: "Добрага, дзядька, ранку!".
Зачаруешся кветкамі і цяплынёю мая.
Толькі ціха душа пажадае супакаення.
Паглядзіш на крыжы, купалоў залатыя сплавы,
Узгадаеш пра кнігі...
У велічным задуменні
Ты павернеш назад
І пакрочыш дамоў,
Прадслава.