Там, ля Ярдана, шэпча голас:
Хадзем за Мною,
Я – твой Бог,
У Галілеі сьпее колас,
Жніво надходзіць…
Між дарог
Мае сьлядочкі пратапталі
Да сэрцаў чалавечых шлях –
Суцешвалі, аздараўлялі
У часе тым і ў гэтых днях;
Праз гарады і праз мястэчкі
Прыйшлі й сягодня.
Чуеш, Я
Шукаю згубленай авечкі
Пакуль ня спыніцца зямля.
Ня бойся! Я заўжды з табою –
А між дарог тваёй зямлі
Мае сьлядочкі пад расою
Нябеснай славай праляглі,
Пакінулі адметную сьцяжыну:
Каля Нявы і ля Дняпра,
Паклікалі ў Сьвятую Палестыну –
Прайсьці праз цемру да Сьвятла
Адважных.
Чуеш, сьпее колас…
Не пашкадуй ня рук, ня ног.
Палёў радзімых чуеш голас?
Спяшай, бо клічу Я –
Твой Бог.