Мерзлы месяц з-за гор васількамі
Перасыпаў азёрную сінь.
Стыне ўсё...
Ледзянымі сярпамі
Выйшла восень рабіну касіць.
Тоўпы зор снегавым пералівам
Разматалі ў палях павады.
Быццам коні з намыленай грывай
У пацемках застылі сады.
Хтосьці там, у шырокім прыволлі,
Дзе узмежкі гараць серабром,
Заспяваў пра шырокае поле,
Засвістаў ледзяным салаўём.
Эх, як рвецца душа у прасторы!
Штосьці хочацца вечна кахаць,
і дзіцячае радасці зоры
Ў ледзяных перазвонах збіраць.
Мерзлы месяц з-за гор васількамі
Перасыпаў азёрную сінь.
Стыне ўсё...
Ледзянымі сярпамі
Выйшла восень рабіну касіць.