Паблізу ад возера Нарач
ёсць возера Рудакова,
адметнае глыбінёю, -
нырнеш – не дастанеш дна.
А жывяць яго крыніцы
няспынна сцюдзёнай вадою,
празрыстай, крыштальна чыстай:
рукой зачарпні - і пі.
Над возерам Рудакова
пасля навальніцы вясёлка
над самай вадою нізка
крутым паўстае мастом.
На лодцы праплыць паспееш
пад ёю, пакуль не згасла, -
збываецца, кажуць, жаданне,
што змог перад тым загадаць.
Змаўкаюць птушыныя спевы,
прыемнаю прахалодай
зямлю агартае вечар,
і месяц з нябёсаў глядзіць.
Ён бачыць на Беларусі
шмат рэк і прыгожых азёраў.
Ды возера Рудакова
такое на ёй – адно.