два скрыпачы праз поле ваенных дзеяньняў
з руінаў філярмоніі
ў ціхае "будзем"
бягуць
нарэшце адзін зь іх падае,
паранены,
другі вяртаецца,
узвальвае на плечы першага
і пачынае яго цягнуць
першы доўга трывае боль,
а пасьля пачынае трэнас:
сымон, бог з табой,
якога
хрэна?!
сымон,
твая каханая здраджвала табе са мной,
цяпер,
каб здрадзіць ізноў, вярнулася да цябе,
калі шчыра,
мяркуеш, ты – сапраўдны мужчына?
бо мужык даўно зь цябе выпарыўся, зьнік
у кірунку нябёсаў. урэшце рэшт,
ты няправільна трымаеш смык,
ты няправільна мяне нясеш!
мы маглі б быць з табой кім заўгодна, мы маглі б быць
зусім не музыкі, калі б ня гэты пракляты бліц-
крыг, распачаты імперыяй; мы не бярэм удзел у вайне –
і кааліцыі напляваць, як мне цяпер баліць
галоўнакамандуючы ня мае музычнага слыху, таму
як дэрыжэр ён ніякі, ён ніколі ня ўчуе вайну
усё супраць нас, сымоне, і нашы з табою шанцы –
нуль
сымон, кінь мяне проста тут дзеля нашых сыноў
я такі, ты ведаеш, здолею выкараскацца ізноў
ты слабак, сымон, таму ты мусіш бегчы адзін
і сына свайго абдымі і скажы, што ён мой сын
ты мамчын сынок,
сымон! –
чулася наўздагон