Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

1937

Яшчэ не ацэнена

Ад дажджоў сівы гасцінец
і пясок набрак і спух,
толькі вецер ярка сініць
хмараў белых лётны пух.
Сонца хіліцца на небе,
ўжо дастанеш качаргой;
залатога бору грэбень
пахне свежаю смалой.
Ногі гразь сырую месяць.
Заяц спуджаны уцёк,
і савой падняўся месяц,
крыллі выцягнуўшы ў змрок.
Я запеў, а рэха бору
у мяне над галавой
разагнала мае зоры,
залаты звінячы рой.
Эх, навошта я вас спудзіў?
Ну, вярніцеся назад, -
весяліцца разам будзем,
я ваш блізкі, родны брат.
І па шышках, і па тропах
з камарыным звонам зор
месяц крыллямі залопаў,
ападаючы за бор.
Прыляцелі дзівы-птушкі
і з лагоў лясных звяры,
пад сасновыя частушкі
п’яны вецер завірыў…
З тых дзён, поўных чараў казкі,
пад напеў дарожных лоз,
стаў я песняром сялянскім
гэтых сцежак і бяроз.



Сярэдняя: 4.4 (107 галасоў)

Я не магу вас песняй цешыць
з абмытых бурамі эстрад,
хоць меў-бы пенсію штомесяц
і спакайней-бы жыў я шмат.

І менш-бы, пэўна, чуў дакораў
багемы п’янай дзеячоў,
і панегірык вашых хворых,
і свісту купленых дзячкоў.

А так ўжо сёння я не першы,
прышоўшы змораны дамоў,
да позняй ночы мыю вершы
ад вашых пальцаў, ад слядоў.

І на крыклівы, падкалодны,
і на азефаўскі ваш гул
на’т можа ў барацьбе няроўнай
не адказаць я не магу, —

таму што на жывое слова,
што вынес я з сялянскіх хат,
сплыла крыві цяжкая капля
у міліёны тры карат.



Яшчэ не ацэнена

За частаколам ціха што так
расой ты плачаш на пясок?
Мы прыняслі вядро і лотак,
каб малады твой выпіць сок.

І можа ты за нашу радасць,
як ляжам мы на струнах меж,
асыплеш жарам лістападу,
густым карэннем апляцеш.

І возьмеш ўсё, што не аддалі,
ці мо забыліся аддаць
людзям, барознам, сіняй далі
І новым маладым гадам.



Сярэдняя: 4.7 (97 галасоў)

Зноў сярод ніў бесканечных, шырокіх
іду, як калісь, у задуме цяпер я,
і ў небе мне звоніць блакітным, высокім
сівое птушынае пер’е.

Лірыкай восені дыхаюць далі.
У кожнага з выраем траціцца многа, -
то дні маладыя, то вуснаў каралі,
то спеў на пясчаных дарогах…

Следам глядзіш – столькі ў крыллях свабоды!
А ўсё-ж нават птушкам без болю не кінуць
чубатыя хаты, шнуры, азяроды,
лясы маёй роднай краіны.

Потную вецер палошча кашулю.
Ну што адлятаючым скажаш такога?
Мо’ крыкнуць ім толькі, каб суму не чулі:
- Ляціце!.. шчаслівай дарогі!