Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Андрэй Сузінь

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Джунглі на шкле
марозам
малююцца,
Чырвоныя дахі –
браня чарапах.
Утульна зблытаныя
Пражскія вуліцы
Выдыхаюць
таямнічы
аптэчны пах.

Твае вусны
абсэнт
інтымна аблізвае —
Сіні агонь
на зялёнай крыві,
І вось
прытомнасць
няўпэўнена
слізгае,
Думкі і рэчы
хоча скрывіць,

Самотны ліхтар
баіцца
холаду,
Бы недакурак,
кінуты ў снег,
Чырвонашчокаму
гораду-волату
Глядзіць у твар
праз шкельцы пенснэ.

У ноч,
нібы ў калодзеж,
ты ўскочыла –
О, дзікая слодыч
палыннай маны! –
Накрыйся снегам,
засні няскончанай,
Меньш словаў –
меней
вайны!



Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Ён пайшоў
і змяшаўся з чужымі ценямі,
Зблытаў
свае сляды
з чужымі слядамі,
Яго твар,
быццам мохам,
парос летуценнямі,
і Яна ўжо не памятае,
як Ён выглядае.

Ці то дождж,
ці слёзы
палеглі на лісце прызмамі.
Яна кліча Яго,
а наўкол – нікога, нікога,
і Яна паўтарае
бязладна,
нібы ў трызненні:
«Вярніся дадому,
дзеля ўсяго святога…».

Паветра ў твар
цішынёю харкае горача –
Відаць, не было ў Яго
святога ніколі.
Ды коцяцца па шчаках
малітвы з горыччу:
«Не зламай толькі крылы
на волі…»



Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

Падыдзі
да мяне,
але асцярожна,
Не кранай цішыню,
што трымае
сусвет.
Ты не хвалюйся –
мне ўсё можна,
Бо я вар’ят,
хоць здаецца –
паэт.

Падыдзі
да мяне.
Чуеш?
Гэта сэрца
Побач з табой
поўніць вены –
віном.
Яно кахае цябе.
а можа –
толькі здаецца,
Бо часам вяршыня
з’яўляецца дном.

Падыдзі
да мяне.
не трэба баяцца,
Не ўсё немагчыма,
што дзіўна гучыць.
Толькі месяц
у вокнах -
нібы папарацы.
і я яго выключу.
Свет
памаўчыць!



Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

Прывітанне!
Пішу табе
на адвароце фота,
Каб ты яшчэ раз пабачыла
мой страчаны твар.
Ты – адзінае сонца маё,
мой сон і турбота
У жыцці,
дзе кроў – гэта грошы,
сумленне – тавар.

Трэці дзень
я гляджу навакол –
і нічога не бачу,
Толькі ноччу
у адзіноце дыхаць лягчэй,
Бязродныя думкі –
бы змеі
ў паветры гарачым,
Трывога збірае даніну
з кожных вачэй,

Кроплі дажджу
не робяць меньшымі хмары,
Бяздомны сабака
ціснецца да сцяны.
Яшчэ дзень –
ад мяне застануцца
словы і мары,
Якія не дапамогуць
пазбегнуць вайны!

Бывай!
Гэта ўсё.
Аджылі.
Адляцелі.
Забудзь, што я існаваў,
калі грымне бой.
Не балюча, не крыўдна,
але мы шмат не паспелі.
І ўжо не паспеем.
Твой…