Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Канстанцін Путронак

Сярэдняя: 5 (5 галасоў)

Гэта родны бераг альбо яма,
Што ня мае лесьвіцы наверх?
З двух канцоў жалезам запаяны
Ліфт на васямнаццаты паверх.

Сполахі гарачае каметы
Ўзьведзеныя зноў напагатоў.
Ты не паазерская кабета,
А жанчына стомленых пяскоў.



Сярэдняя: 4.5 (2 галасоў)

Не ляцелі ва ўсе бакі гузікі,
Наш палац быў дзіраваю хіжынай.
Сарамліва хаваючы вусікі,
Да ката заляцалася мышына.

Не крычалі, на раны ня дзьмухалі,
Не былі. Толькі рвецца нахальна,
Дачапіўшыся глупаю мухаю,
Успамін, што ярчэй за рэальнасьць.

Кот на лапы так мягка саскочыў,
Прыхаваўшы лясную драпежнасьць.
Мы з табой паасобку пакрочым:
Што прайшло, тое ўжо непазьбежна.



Сярэдняя: 5 (6 галасоў)

Без паветра надзеі,
У глухой цішыні,
Зухаватым зладзеем
На сталёвым кані,

У імгле цьмяна-сіняй
Скрозь мільён нератоў
Нават геній "Касіні"
Праблукаў сем гадоў.



Яшчэ не ацэнена

(паводле рамана Ул. Караткевіча
"Хрыстос прызямліўся ў Гародні")

Ад дзікіх татар да маскоўскай навалы
Драпежны арол падаваўся анёлкам.
Ўсе зьведала жахі, але збудавала
Ля самай дарогі гняздо перапёлка.
....................................................

Каложы званы заліваліся гулка,
У небе зазьзяў метэор, як паходня,
Народ галасіў па счарнелых завулках:
"Хрыстос прызямліўся ў месцы Гародня!"

Узрадваўся моцна сьвяточнай аб'яве,
Якую штодзённа па плошчах прарочаць.
Ажыла старонка Евангельля ў яве:
Дванаццаць актораў-"апосталаў" крочаць.

Бадзягі, вары, круцялі, паразіты!
"Хрыстос" зь імі разам - сумніўнага хросту.
Але вылучаўся: з крыжом рэквізітным,
Разумныя вочы і зграбная постаць.

Віно і манеты рукою уладнай
З казны гарадской п'яны войт вытрасаў вам.
Ты ж першы з трынаццаці ведаў дакладна:
Ня шыюць каўнер і кішэні на саван.

Абдоймы за плечы, заходзячы з тылу,
Салодкія словы наўзбоч ад дарогі.
Ты раптам спыталася: "Дзе твае крылы?"
А лепей бы высьветліць, дзе твае рогі...
.......................................................

Той пляц, дзе цябе, як малое, насілі,
Крывёю затоплены ў жальбе гаротнай.
Дарма паміралі. Дарма галасілі:
"Хрыстос прызямліўся ў месцы Гародня!"