Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Апошнія водгукі

Вашыя сябры тут!

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Уладзімір Дзюба

dzuba.jpg

Нарадзіўся 24 лютага 1946 года ў горадзе Палтава (Украіна) у сям'і служачых. Дзяцінства прайшло ў вёсцы Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна. Пасля заканчэння аддзялення беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1968) працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Мікалаеўскай сярэдняй школе Буда-Кашалёўскага раёна. Служыў у Савецкай Арміі (1968-1969), працаваў рэдактарам на Гомельскай студыі тэлебачання (1970-1972), літсупрацоўнікам газеты «Гомельская праўда» (1972-1977). З 1978 г. - карэспандэнт газеты «На страже Октября» (Менск), з 1980 г. - старшы рэдактар літаратурна-драматычнага вяшчання на Беларускім радыё. Сябра СП СССР з 1986 г.

Першы верш апублікаваў у буда-кашалёўскай раённай газеце «Ленінскі шлях» у школьныя гады. З вершамі ў рэспубліканскім друку выступіў упершыню ў 1963 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Вуліцы без назваў» (1972), «Кругазварот» (1976), «Карані бліскавіцы» (1986). Напісаў радыёп'есы у вершах «Жыццё рэвалюцыянера» (з А. Пётухам, пастаўлена ў 1987 г.), «Я.Арлоўскі» (пастаўлена ў 1989 г.), «Нарачным. Рукевічу. Рылееў» (пастаўлена ў 1990 г.).

Узнагароджаны медалём.



Сярэдняя: 4.3 (4 галасоў)

Каля чарнобыльскіх бяроз
Вёў за сабой малых Хрыстос.
Трымаў сваю з іх кожны свечку,
I кожны пераходзіў рэчку,
Што выцякала з балацянкі,
Дзе выспяваюць калыханкі
Пра чапляў і чароўных дзіваў.
Хрыстос дзяцей на ўзлесак вывеў,
I пасадзіў наўкол сябе,
I, ліст сарваўшы на вярбе,
Паспрабаваў на зуб... Паверце,
З тым, знаць каб, на якім жа свеце
Ён з дзетварой. Пераканаўся,
Што свет не той, а гэта. Паўза...
Прымоўк, суцішыўся Ісус.
Ніяк не мог ён скінуць груз
Сумненняў з праведнай душы:
Калі дзе ўзяў, там палажы...
А ўзяў ён шмат. Урваў у смерці
Чародку жыццяў. «Гэта ж дзеці! —
Кашчавай ён сказаў. — Пабойся
Ты Бога! He дастаць, бач, носа.
Над немаўляткамі навісла...»
Адбрыў яе, так скажам сцісла.
Адбрыў, забраў дзяцей — і ходу.
Па пнях, па нейкаму балоту.
...Я столькі рыфмаў ператрос,
Зарыфмаваўся каб Хрыстос!
Які чарнобыльскіх дзяцей
Дарогай вёў чым карацей
Далей ад смерці... Цёрлі туфлі.
I гаслі жыцці. Свечкі тухлі.
Няўжо чытаць нам на кладах
Імёны дзетак па складах!
Жывіце, родныя, жывіце!
Лятайце, басанож, па жыце!
Паешце на здароўе бульбы,
Што з печы. Дзьмухаюць хай губы
На, крутабокую, яе,
Што з жару ў роце растае!
...Хрыстос мне бачыўся не ў сне,
А ў земляку адным. Міне,
Я думаў, ён мяне — я тут жа,
He прыглядаўшыся задужа,
Партрэт ягоны намалюю...
А ён вёў за руку малую.
Па ржышчы, што калола ногі.
...Партрэт няўмольнае эпохі.