Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Яўгенія Мальчэўская

Нарадзілася 25 жніўня 1949 года ў вёсцы Замошша Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і. Сапраўднае прозвішча - Крыжаноўская. Вучылася спачатку ў Замошскай пачатковай школе, потым у Заслонаўскай сярэдняй школе. Пасля паступіла ў Бабруйскі тэхнікум гумавай прамысловасці (1965), пасля заканчэння якога (1969) атрымала спецыяльнасць тэхніка-тэхнолага і працавала прасоўшчыцай-вулканізатаршай на Бабруйскім заводзе гумавых вырабаў. У 1970 г. прызначана карэктарам рэдакцыі бабруйскай аб’яднанай газеты “Камуніст”, у 1972-1973 гг. супрацоўнік рэдакцыі чашніцкай раённай газеты “Чырвоны прамень”, у 1973-1978 гг. вучылася на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта БДУ. Пасля яго заканчэння накіравана на працу ў Равінічы (Чэрвеньскі раён), дзе выкладала ў школе беларускую мову і літаратуру. У 1980 г. пераехала з мужам на Віцебшчыну і працавала ў школе працоўнай моладзі. З 1987 г. выкладала беларускую мову ў школе г. Талачына, з 1989 г. – у школе г. Віцебска.

Першыя вершы “Залатая мяцеліца”, “Серабрыліся ля хат таполі…” і інш. апублікаваны ў 1969 годзе ў газеце “Магілёўская праўда”. Затым вершы змяшчаліся ў калектыўных зборніках “Вёсны”, “Нашчадкі”, “Любі будзёны дзень”, “Дзень добры, мама”, “Дзень паэзіі”, у раённым, абласным, рэспубліканскім друку. Аўтар паэтычнага цыкла “Святло асенняе зярнят” (у зб. “Нашчадкі”), зборніка “Залежнасць”. З’яўляецца аўтарам апавяданняў “Мачаха”, “Яраслаўна”.

Malcevskaya_J.jpg


Сярэдняя: 4.6 (58 галасоў)

Адначасова — шчасце і бяда,
Адначасова — радасць і пакута.
Купаю сына — светлая вада,
А год — радыяцыйная атрута.

Чарнобыля счарнелыя радкі
Ў пасведчанні нявіннага дзіцяці.
I я, што найшчаслівейшая маці,
Сціраю слёзы страху са шчакі.



Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Выплылі ў неба цёплае, летняе
Зоркі ўначы.
Як зберагчы пачуццё маё светлае,
Як зберагчы?

Вусны пяшчотнаю ласкай прасіліся
Усё апаліць.
Што ж мне зрабіць, каб яны не забыліся,
Што ж мне зрабіць?

Светлаю песняй каханне віталася
З ясных акон.
Дзе ж тое шчасце, што блізкім здавалася,
Дзіўны мой сон?

Дальніх дарог вандраванні адвечныя —
Лёс іх такі.
Як зберагчы твае словы сардэчныя,
Поціск рукі?



Сярэдняя: 4.6 (16 галасоў)

Глядзелі зорак
Далёкіх вочы
На сонны востраў
Майго сяла
А я — дарогай
Начной, сірочай
Праз лес, праз поле,
Праз снег ішла.

А я — дарогай
Штосілы бегла.
А да райцэнтра —
Няблізкі шлях.
Ды дваццаць вёрстаў,
Хіба адлегласць?
Тых дваццаць вёрстаў —
Шчымлівы страх.

А там — на ложку
Бальнічным мама,
Там мой пачатак
I мой працяг...
Сціскала сэрца
Няўхільнай драмай,
Ляцеў пад ногі
Бясконцы шлях.

Душылі слёзы,
Расла трывога.
Сябе маліла:
— Хутчэй, хутчэй...
Дайшла нарэшце,
А ад парога
Насустрач мама —
Цяжар з плячэй.