Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Адам Глобус

Нарадзіўся 29 верасня 1958 года ў Дзяржынску у сям'і пісьменьніка Вячаслава Адамчыка. Сапраўднае імя - Уладзімер Адамчык. Скончыў пэдагагічнае адзяленне Мінскага Мастацкага Вучылішча (1977), Беларускі Дзяржаўны Тэатральна-Мастацкі Інстытут (1983). Працаваў чарцёжнікам, мастаком-рэстаўратарам, мастаком–афарміцелем, рэдактарам у часопісе «Крыніца-Родник» (з 1987).

Займаецца выдавецкай дзейнасцю (выдавецтва "Сучасны літаратар"). Заснавальнік Таварыства Маладых Літаратараў "Тутэйшыя" (1986-1990).

У друку пачаў выступаць з вершамі ў 1981 (газета «Літаратура і мастацтва», часопіс «Маладосць»). Аўтар кніг «Парк» (паэзія, 1988), «Адзінота на стадыёне» (зборнік апавяданняў, 1989), «Смерць — мужчына» (1992), «Скрыжаванне» (1993), «Дамавікамерон» (1994), «Толькі не гавары маёй маме» (1995), «Койданава» (1997), «Новы дамавікамерон» (1998), «Post scriptum» (1999), «Тэксты» (зборнік ўсіх папярэдніх кніг, 2000), «Браслаўская стыгмата» (2001), «Сшыткі» (2003), «Дом» (2005), «сУчаснікі» (2006), «Літары» (2006), "Казкі" (2007) «Convolutus», "Замак" (2008) "play.by" (2009). Публікаваўся ў складзе зборнікаў «Тутэйшыя» (зборнік твораў удзельнікаў Таварыства «Тутэйшыя», 1989), «Круглы год» (зборнік хоку беларускіх паэтаў, 1996).

Вершы і апавяданні А. Глобуса перакладзены на асноўныя мовы свету, а таксама на асяцінскую і каталонскую, друкаваліся ў Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Славеніі, Чэхіі, Польшчы і Расеі.

globus.jpg


Сярэдняя: 3.6 (57 галасоў)

Над мікрараёнам лунаў
Напеў электронна-дрогкі;
Лавілі антэнныя рогі
Другі, беларускі канал;
Экранная калыханка
Плыла ў папяровым лесе;
Мігцеў пластылінавы месяц,
Працяты тэлемаланкай.



Сярэдняя: 3.9 (62 галасоў)

Як сцягі альтруізму,
Да крухмальных аблокаў
Вецер кідаў бялізну —
Навальніцу палохаў.
Ён ляцеў на балконы,
Рваў старыя газеты, —
I круціла над светам
Некралогі з партрэтамі.
Вецер нёс інфармацыю
Напалову размытую,
Парушаў пунктуацыю, —
Ўваскрасалі забітыя.
Усміхаліся вусны
На паперы скамечанай,
I здаваліся глупствам
Усялякія сведчанні.
Над крыклівымі гмахамі,
Над маўклівымі блокамі
З друкаванымі птахамі
Вецер знік у аблоках.



Яшчэ не ацэнена

Афішы, перахрышчаныя клеем,
Чытаюцца дзяўчынкай па складах.
Новабудоўлі моцна пахнуць глеем,
Вартаўнікі сумуюць пры складах.
Хлапечае жыццё мікрараёнаў
Заблыталася ў бітумнай смале.
Будзільнікам зялёным, электронным
Міргае вока часу на стале.