Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Авяр’ян Дзеружынскі

Нарадзіўся 10 чэрвеня 1919 года ў вёсцы Хляўно Кармянскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыў Магілёўскі газетны тэхнікум (1937), затым Камуністычны інстытут журналістыкі ў Менску (1941). У час Вялікай Айчыннай вайны карэспандэнт і супрацоўнік газет у Краснаярскім краі, Калінінскай вобласці, Маскве. У 1945-1949 гг. - загадчык аддзела газеты «Чырвоная змена». З 1949 г. - рэдактар выдавецтва «Беларусь», з 1972 г. - выдавецтва «Мастацкая літаратура», у 1981-1984 гг. - выдавецтва «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1964 г.

Першыя літаратурныя творы надрукаваў у 1939 г. Выйшлі зборнікі вершаў «Песні маладосці» (1959), «Калінавы цвет» (1961), «Бярозавы вецер» (1990), зборнікі вершаў для дзяцей «Цуды ёсць на свеце» (1960), «Дзе жыве зіма» (1962), «Карагод» (1963), «Ляцелі дзве птушкі» (1964), «Яе завуць Каця» (1965), «Кую-кую ножку» (1967), «Смешкі і пацешкі» (1968), «Добры ветрык» (1969), «Чабарок» (1970), «Ластаўка» (1971), «Бегунок» (1972), «Каласок» (1975), «Конікі-будаўнікі» (1977), «Цягнік-працаўнік» (1978), «Вясёлікі» (выбранае, 1979), «Добрае сэрца» (1980), «Касмічны агарод» (1981), «Той, хто працуе...» (1984), «Працалюбы» (1987), «Залаты каласок» (1989).

Многія вершы пакладзены на музыку, сярод іх «Мінскі вальс», «Дзявочая лірычная», «Песня аб Мінску», «Нездаровіцца». Песні «Сабірайся ў госці, мой дзядок», «Мяцеліца» сталі народнымі.

Узнагароджаны медалём і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.



Сярэдняя: 4.3 (149 галасоў)

Адуванчык,
Дзьмухавец,
Кучаравы маладзец.
Стаў ён
Пры дарожцы
На даўжэзнай ножцы.
Дзьмухнуў вецер —
Адуванчык
Стаў нібыта
Абарванчык.
Адуванчык,
Дзьмухавец,
Як падстрыжаны хлапец,
Бо на макаўцы
Ў былінкі
Аніводнай
Валасінкі.



Яшчэ не ацэнена

— Што хвалюешся
Ты, Люся? —
Настаўнік пытае. —
Ці мяне ты так баішся,
Ці маіх пытанняў?

Ціха, ціха, неахвотна
Вымаўляе Люся:
— Вельмі ўжо сваіх адказаў
Я сама баюся.



Сярэдняя: 4 (12 галасоў)

Дзеці суп варылі.
— Будзе добры, — гаварылі, —
От жа будзе
Смачны суп:
У гаршчок насыплем круп,
Пакладзём яшчэ гароху,
Рэдзькі болей,
Морквы — троху,
Бручкі, хрэну-пекуну,
Дольку часнаку адну,
Перцу горкага — дзве лыжкі,
Ну і солі — тры кілішкі.

Дзеці суп варылі.
— Будзе добры, — хвалілі,
А зварылі —
У талеркі налілі,
За стол селі —
Есці зразу пачалі.

Паспытаў Пятрок —
Паклаў лыжку ўбок.
Паспытаў Кастусь —
З-за стала ціха шусь.
Паспытала Людміла —
Губкі скрывіла.
Паспытаў Хвядот —
Больш не ўзяў у рот.

От выйшаў суп
З аўсяных круп,
З перцу, часнаку
I рэдзькі!
Зажурыўся повар Хведзька.

— Суп нясмачны, —
Кажа Воля, —
Мусіць, мала клалі солі.