Ах, якая над Гайнай купальская ноч!
Самы раз бы шукаць кветку-папараць,
Самы раз уплятаць летуценьні ў вянок,
Самы раз белы корань выкапываць!
Ды ні гуку над Гайнай – пад цёмным шатром.
Толькі зоркі – як вочкі Купаліны.
Дзе ж вы, хлопцы, дзяўчаты? Чаму за сялом,
Над ракою, агні не запалены?
Раскладайце, паліце Купальля агні!
Не затым, каб ускрэсла мінуўшчына,
А каб лепей убачыць наступныя дні,
Да вытокаў душой дакрануўшыся...
Раскладайце агні – хай плывуць па рацэ,
Можа, ў зыркім сьвятле іх вы ўгледзіце
Постаць Янкі Купалы зь кійком у руцэ —
Запрасіце яго прысуседзіцца!
Ён вас, пэўна, папросіць «Каліну» сьпяваць
I, напэўна, ад сьлёз не стрымаецца,
Скажа: «Ах жа, якое купальлейка ў вас!
Ах, якую вы спадчыну маеце!..»