Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Паўлюк Трус

Нарадзіўся 6 траўня 1904 года ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1923 г. скончыў Уздзенскую сямігодку, у 1927 г. - Менскі беларускі педагагічны тэхнікум. Працаваў у рэдакцыі гомельскай газеты «Палеская праўда» (1927-1928), вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1928-1929). Быў сябрам літаратурнага аб'яднання «Маладняк».

З першымі творамі выступіў у друку ў 1923 г. У той час друкаваў свае вершы ў газетах “Беларуская вёска”, “Зьвязда”, “Савецкая Беларусь” і у часопісе “Маладняк”. Пры жыцці паэта выйшлі з друку два зборнікі: “Вершы” (1925) і “Ветры буйныя”(1927). Пазней выйшлі зборнікі паэзіі Збор твораў (1934), «Творы» (1935), кнігі Выбраных твораў (1931, 1940, 1941, 1946, 1949, 1953, 1958, 1967, 1977, 1979), «Новай квадры настаў маладзік» (вершы і паэмы, 1984). Для дзяцей выдадзена кніга паэзіі «Падаюць сняжынкі» (1983).

30 жніўня 1929 года ў поўным творчым росквіце Паўлюк Трус, захварэўшы на брушны тыф, памёр.

trus.jpg


Сярэдняя: 4.6 (27 галасоў)

Апала сінь… цвіце па-над раўнінай,
Вяргіні цвет асыпалі даўно,
І стынуць ў золаце асмуглыя рабіны,
Стаяць і журацца увечар пад акном.
І ў жоўтацвецені над ярам і далінай
Тане ў каўшах асенняе віно.
І спяць гаі… і сыплюцца лісты…
Звіняць акорды ў сэрцы маладым.



Сярэдняя: 4.1 (28 галасоў)

Вясна!.. Вясна!..
У цвеце нівы,
Цвітуць асмуглыя сады;
Кіпучай радасці прылівы
Хвалююць сэрца пералівам
Ў грудзях вяснова-маладых!..

I п'ю я ў моладасці мілай
Кілішкі поўныя да дна,
Што мне ў маленстве падарыла
Чароўна-светлая вясна.

Яна сустрэла мяне рана,
3 дарамі ласкавай зары,
Як сонца плавала ў тумане
Ды сосны плакалі ў бары.

Яна сустрэла мяне ў полі
3 вянкамі чараў і надзей,
Дзе песні буйныя на волі
Свабодна веялі з грудзей...
. . . . . . . . . . . . . . . .

Вясна у цвяту!
Цвітуць парэчкі,
Цвіце язмін на дне душы!..
Гаі альховыя над рэчкай
Смяюцца й журацца ў цішы.

А там, у ярах пры даліне,
У вішнях тонуць хутары,
Дзе спевы кволаю вятрынню
Калышуць змрок - вячэрні іней, -
Плывуць спакойна з-пад гары.

I ловіць сэрца ў заміранні
Акорды жыцця цераз край:
"Гара высокая ў тумане,
А пад гарой зялёны гай"...

Узыйдзе месяц над курганам
У вянках прыгожасці і чар,
I ўзорам тонкім, даматканым
Засцеле ў просіні абшар.

Рассыпле пацеркі з прыполу,
Заўе карункі на расе, -
Дзе вербы хіляцца дадолу
У сваёй чаруючай красе.

А песня коціцца далінай
Ў акордах, поўных пачуцця,
I ў сэрцы родзіць успаміны
Былых аповесцей жыцця!..

Бы ў казках светлага дзяцінства,
Жывыя вобразы ўстаюць...
. . . . . . . . . . . . . . . .
У вішнях вёска... На гасцінцы,
Чуваць, начлежнікі пяюць...

А там, ў тумане за гарою,
Званок далёка празвініць,
I ціха зноў... Па-над ракою,
Як вольны табар пры агні,
Сядзяць у світках саматканых
Малыя хлопцы. Ў тыя дні
Цвіла фантазія півоняй,
Было так весела ўсягды, -
Таму вы й мілы мне сягоння,
Мае дзіцячыя гады!..

Так мілы
Сэрцу дарагія
Дзіцячых сноў
Былыя дні.
Як сведкі,
Вобразы жывыя,
Ў красе
Паўночнай цішыні
Вы ўстаеце перада мною
На сцежках
Светлае вясны, -
Шумяць дзе ў полі
Тры сасны, -
Каб адпачыць
Я мог душою.

I там, дзе плакаў я ці мала
I выпіў боль душы да дна, -
Хачу, каб вечна красавала
Прыгожа-светлая вясна.

Вясна!.. Вясна!..
У цвеце нівы,
Цвітуць над возерам сады;
Шырокай радасці прылівы
Хвалююць сэрца пералівам
У грудзях вяснова-маладых!..



Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Гады бягуць,
Гады каменні крышаць,
А мора б'е,
Цалуюць хвалі дно.
На скалах гордага
Каўказскага узвышша
Табе саўю сузорысты вянок!

Стаю адзін...
Маўчаць ў гарах аулы,
Даліны журацца
Пад кроплямі расы,
I плача стэп
Глухім вячэрнім гулам
У пацалунках дзікае красы.

А там, дзе сон,
На цёмным небасхіле
Бялее ў шэрані
Аснежаны Эльбрус...
Табе, Каўказ,
Паэты спеў дарылі,
Сягоння й я
Акорды падару!..

Стаю адзін,
Дзе саклі пад гарою
Узоры ткуць
3 зыбучае імглы,
Дзе над абрывамі
Высока нада мною
Між скал віюцца
Горныя арлы.

Табе, Каўказ,
Чароўныя паданні
Складалі дні
Глыбокай старыны.
Там Пушкін, Лермантаў
Ў часы былых паўстанняў
Тваю красу авеялі яны.

Стаю адзін...
Стаю, маўчу й дзіўлюся,
Як скалы крышацца
Пад вечнасцю вясны.
Я сэрцам тут,
А думы ў Беларусі,
На хвалях Нёмана,
Дзе плаваюць чаўны.

Дзе сыпле сінь
Каралі на азёры
I тчэ дасэнь
На цёмнай глыбіні,
Дзе радасць - смех, .
Як цвет асенніх зораў,
Дзе звонкі сум,
Як моладасць крыніц!

Гады бягуць,
А дні каменні крышаць,
I мора б'е,
Цалуюць хвалі дно.
На скалах гордага
Каўказскага узвышша
Табе саўю сузорысты вянок!