Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

разлука

Сярэдняя: 4.8 (37 галасоў)

А мне ўсё лепей безь цябе.
Працую – не гарую.
Спакойна сіле не слабець –
Магу зьвярнуць гару я.

Бясплённа дзень не праміне,
На мары не патрачу.
Сьмяюся, калі сьмешна мне,
А плачацца – ня плачу.

Так, мне ўсё лепей безь цябе.
Жніво пасьпела ў часе.
Ні тлуму, ні трывог цяпер.
...І ні хвіліны шчасьця.



Сярэдняя: 4.6 (13 галасоў)

З кожнай новай сустрэчай цяжэе чаканьне наступнай,
і зусім недарэчны стаецца адлегласьці сум,
кожнай новаю ночай сон болей і болей пакутны,
і ня выцягнеш болей сябе з віру чорнага дум.

Кожны новы цягнік пнецца ўпэўненна зноўку наперад,
вось шчэ трыста кілёмэтраў ляжа ахвярай тугі,
кожным новым сьвітаньнем сябе забіваю, напэўна.
ды ад гэтага штось не стаюцца бліжэй берагі.

Кожным новым уздыхам вітаю зноў мару сьвятую,
што адлегласьці рынуць ў бязмоцнасьці - троху яшчэ,
кожным новым лістом усё болей сябе я катую,
і ўсё болей марудна жыцьцё па дарозе цячэ.

З кожным новым "кахаю" ў нязьлічаных нашых размовах
ўсё бліжэй і радней ўкараняесься ў сэрца маё,
з кожным шпацырам новым па ведамых здаўна шчэ сховах,
адзначаю, што более значак ў мяне на палёх.

З кожнай новаю рыфмай ў бязьмежжы папернага неба
палымнее мацней на вуснох боль чарнільных радкоў,
З кожным новым узмахам ўсё далей унізе дзесь глеба,
і пазбыцца ня хочацца ўжо гэтых крылаў-акоў.



Сярэдняя: 4.8 (5 галасоў)

Згубіў цябе. Куды ж пайсці?
Hi адраса, ні тэлефона.
Як промень воч тваіх знайсці
У горадзе мільённым?

Я без цябе — аглухлы грот,
Пусты, без пчолаў, вулей.
Ізноў, ізноў — каторы год! —
Кірую ў джунглі вуліц.

Мо між людзей твая мільгне
Касынка выпадкова?
Мо дзе ўзляцяць насустрач мне
Дзве ластавачкі броваў?

А за вясной — кіпіць вясна,
He згледзіш — час асенні.
Тапчу, тапчу асфальт звідна,
Шукаю голку ў сене.



Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Мана – не знік ты!
Не! Ты тут, са мной!
Дасюль цябе
І бачу я, і чую!
Твой голас, лік твой
Днюе і начуе
Ўнутры мяне –
Ў сярэдзіне маёй!

Прастора хлусіць!
Як – цябе няма?
І як – ніколі
Болей не спаткаю?
Чаму ж на вуснах
Б'ецца, не сціхае
Самотным болем
Любае імя?!

Няпраўда гэта –
Што ў расстанні час
Нам раны лечыць,
Як сцвярджаюць людзі!
Хай ў гэтым свеце
Разам мы не будзем,
У тым, у лепшым –
Бог спалучыць нас!

11.07.2010