Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

бацькі

Сярэдняя: 4.6 (31 голас)

Вярнуўшыся ў родную хату,
На родны прысеўшы парог,
Ты скажаш: “Дзень добры, мой тата!
Падумаць, прайшло столькі год…”
Маршчыністы твар усміхнецца
І скажа: “Мінаюць гады,
Але застаюцца навечна
Святымі – сям’я, дом, бацькі!”

Вярнуўшыся ў родную хату,
З сям’ёй за святочным сталом,
Сустрэўшы з аплаткай Каляды,
Успомніш дзяцінства сваё…
І рэха малітвы сумеснай
Гучыць, як бацькоўскі наказ:
“Вас можа раскідаць па свеце,
Але прылятайце да нас!”

Вярнуўшыся ў родную хату,
Адкуль б’е крыніца твая,
Цяпер дзе адно маці з татам
Стаяць ля пустога двара
І вуліцай зноў выглядаюць,
Калі ў дом вярнуцца сыны…
А дзеці лісты дасылаюць:
“Вам дзякуй, што ў свеце ёсць Вы!”

І робішся зноўку багатым
Ад шчырых усмешак і слоў,
Вярнуўшыся ў родную хату –
Да родных, любімых бацькоў!!!



Сярэдняя: 4.2 (5 галасоў)
Дываны, гарнітуры,
Тэлевізары, дачы
Дастаём, выбіваем
Дзе за хабар, дзе з плачам.

Абліцоўваем пліткай
Туалеты і кухні,
Як машыны не маем,
Дык ад зайздрасці пухнем.

Загранічныя шмоткі
Аж з'ядаем вачыма
I купляем, бо з вёскі
Дапамогуць грашыма.

Выручаюць бацькі нас,
Што ад золку да ночы
Не вылазяць з адзежы
Прапацелай, рабочай.

А ці часта такая
Думка сэрца цяжарыць:
«Як там маме і тату,
Можа,
           цяжка пад старасць?»


Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Каб было ў цябе шчасця багата
І не скрыбліся кошкі ў душы,
Карані свае – маці і тату –
Нібы вока сваё, беражы.

Атуляй іх любоўю, пяшчотай,
Аблягчай ім штодзённа жыццё,
І шануй іх, і памятай, што ты
Абавязаны родным за ўсё.

За тваё ў гэтым свеце з'яўленне,
Немаўляцтва, дзяцінства без хмар,
За юнацтва, пару станаўлення...
О, няспыннасць бацькоўскіх ахвяр!

За ўтрыманне жыццёвага ладу –
Каб дзіцяці жылося лягчэй,
За падтрымку ва ўсім, і парады,
І надзейнасць іх рук і плячэй.

Кім без іх, дарагіх, мы былі бы?
Без бацькоў, мабыдзь, свет бы зачах.
Нібы хлеба надзённага скібы
Іх усмешкі і сонца ў вачах.

Як сцвярджаюць і Богі, і людзі, –
Шанаваннем бацькоў ахіні –
І цябе на зямлі добра будзе,
І твае да падоўжацца дні.



Сярэдняя: 4.6 (11 галасоў)

Магутны Божа! Барані маіх бацькоў!
І ад хвароб, і ад нядолі беражы!
Вазьмі ў мяне маю пяшчоту і любоў –
І маім любым, дарагім дапамажы!

Ты захавай іх – кожны дзень і кожны крок,
Сваім дыханнем ратавальным абдымі!
Бацькі – святое… Блаславі іх шчодра, Бог,
Каб мы маглі ‘шчэ адчуваць сябе дзяцьмі!

Не абыйдзі іх поўнай чашай да пары,
Пакуль што самі не нацешацца быццём!
Не абнясі іх ціхім шчасцем – падары
Любоў, здароўе і напоўненасць жыццём!

Хай не старэюць, будуць моцнымі заўжды
І маладымі – тымі ж целам і душой!
Не дапусці да іх ні слёз, ані бяды!
Не замуці ніякім смуткам іх спакой!

Благадарэнне мае шчырае ў мальбе
За ўсё цудоўнае, што робіцца для іх!
Вялікі Божа! Шчыра дзякую Табе –
За маці й бацьку – за святло вачэй маіх!