Ці вы чулі? Ці вы чулі?
Хутка свята - Новы год!
У маленечкай Настулі
Шмат заняткаў і турбот.
То чапляе ўсіх дарослых -
Патрабуе адказаць:
"Як дзядулечку Марозу
Падарунак заказаць?"
То кідаецца пад ногі,
Каб усім дапамагчы -
Вымыць дзверы і падлогу
І пячэння напячы.
То на ранішнік сукенку
Хоча лепшую абраць -
Каб ля ёлкі разам з Генкам,
Бы сняжынка, танцаваць.
То праз нейкую хвіліну
Ўжо забыўшы пра тае,
Абвяшчае ўсім навіны,
Нібы песеньку пяе:
"А суседскага Міколку,
Ну, таго, што паравоз,
Пакалола ўчора ёлка -
Кіпцюрамі - прама ў нос.
Гэта тата вінаваты -
У Міколкі ён - урач.
Прыцягнуў ялінку ў хату -
І смяецца:"Ну, не плач!"
Хваляванняў шмат у Насці:
Панавесіць мішуры
І прыладзіць, каб не ўпасці,
Каляровыя шары;
Пасадзіць пад ёлкай мішку,
А пасля, між іншых спраў,
Пагартаць з ім разам кніжку,
Каб адзін не сумаваў.
А к начы, калі ўжо зморыць
Кола тысячы турбот,
Прашаптаць сабе самое:
"Заўтра - свята - Новы год!"