Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

маме

Сярэдняя: 4.8 (6 галасоў)

Чытаю твае віншаванні
з навагодняй паштоўкі.
Пастаўлю паштоўку на стол
і вып’ю горкай настойкі.
Раскручаны час–махавік
не спыніцца на хвіліну –
зязюля працягне лік,
і светласць мелодый нахлыне.
Святочны горад не спіць,
салютам квітнее неба,
і новы год прыляціць
надзею з’яднаць з сусветам.
Пачуеш мяне, бо лягчэй
душою здалёк убачыць,
калі я з тваіх вачэй
слязой паплыву гарачай.



Сярэдняя: 4.5 (21 голас)

І зноў табе, старэнькая жанчына,
Якой няма бліжэй і даражэй,
Свой новы верш я прысвяціць рашыла.
А як табе аддзячыць мне яшчэ?
Пяшчотны жаль маю душу сціскае,
Бо дзесьці там, у вёсачцы, адна
Сама з сабой, з каточкам размаўляе
Мая матуля з ранку да цямна.
Пад вечар тупае яна да тэлефона
І набірае лічбы, шэсць ці пяць.
Магчыма, дзеці папрыходзілі дадому,
Ім трэба ўсе навіны расказаць:
Сусед насупраць трэці раз жаніўся,
З кабетай утульным хатні стаў куток.
У хлеў да курачак уночы нехта ўбіўся.
Сабака можа? Ці які шашок?
Матулечка мая! Цалую рукі.
Твой лашчыць голас, як вясной пялёсткі.
Цячэ размова. Цешаць сэрца гукі.
І хочацца ляцець да роднай вёскі,
За кубкам кавы да стала сесць з мамай,
Развеяць сум, страх разагнаць паволі,
Назваць яе любімай, мілай самай
І пажадаць шчаслівай, светлай долі!



Сярэдняя: 5 (10 галасоў)

(Прысвячаецца Сафіі Васільеўне Супрун - маёй маці)

Не сумуй, даражэнькая маці.
Зберажы надалей сваё сэрца.
Калі ёсць ты, лягчэй і дзіцяці
Ад адной толькі думкі, што б’ецца…

Што сядзіш там, на лаўцы, ля дому.
Ці ля печы, ці думкамі цешыш
Фатакарткі старога альбому…
Ці чытаеш ізноў мае вершы?

Хоць не разам мы зараз, далёка,
Але помнім і молімся Богу,
Каб жыла ты яшчэ доўга-доўга
І чакала дзяцей ля парогу.

Не сумуй, дарагая, і вочы
Беражы, як нязбыўныя мары.
Не заснула ізноў да паўночы,
Разганяла над сном маім хмары.

Нумар твой тэлефонны на ранку
Зноў засвеціць, як сонца святлістасць.
Надпіс «Мама» пад спеў калыханкі -
Вось - багацце і божая літасць.

© Copyright: Людмила Воронова Супрун, 2020
Свидетельство о публикации №120021804188



Сярэдняя: 4 (4 галасоў)

Уборка льну
(Прысвячаю сваёй маме
Пічыц Вользе Міхайлаўне)

Салодкі сон у дзяцінстве раніцою,
Ды ў гэты дзень я больш і не засну:
Брат будзе сёння няньчыцца з сястрою,
Нам трэба з мамай рваць дзялянку льну.

Я хутка памагаю ёй збірацца,
Каб не забыцца хоць, што трэба ўзяць.
Яшчэ паспею дома нагуляцца,
А сёння трэба маці памагаць…

Апошнім гарам «Беларусь» дыхне,
Звініць у шчырай песні падгалосак,
З прычэпа злезшы, з торбай на спіне,
Жанчыны крочаць да сваіх палосак.

І я іду, рукой лаўлю сцябліны,
А маці метку на мяжы шукае,
Змяніліся знаёмыя мясціны,
Бо час навокал хутка ўсё мяняе.

Блакітным было поле льну раней,
А сёння шуміць мора залатое,
Раз-пораз глядзіць мама на мяне,
Ці не адстала дзеўчаня малое.

Бярэм мы жменяй пругкія сцяблінкі,
Дзе лён палеглы, маці рве сама,
Мне пакідае роўныя мясцінкі;
Я крыўджуся, хоць бачу, што дарма.

Куды ні глянь, хусціначкі бялеюць
Вясковых баб, такіх, як я, дзяўчынак.
Ужо і рукі стомлена нямеюць,
І хочацца ў цянёк на адпачынак.

Пячэ нясцерпна сонца, дыхаць цяжка,
І перавяслы жорстка колюць рукі,
Хачу я піць, ды ўжо пустая пляшка,
Не вытрываць мне больш такое мукі.

Мяне прывабіў цень сцяблін высокіх,
Заснула, не паспеўшы і прысесці,
Плыла я ў сне на воблаках далёкіх,
І не магла прачнуцца нават есці.

…Я найшчаслівай раніцай была,
Угаварыўшы маму ўзяць з сабою.
Вось толькі б заўтра зноўку… не ўзяла,
Лепш я ўжо буду няньчыцца з сястрою.

1996г.