Чаромхавы водар і бэзавы пах
згубіла ў далёкім мінулым.
Ужо не спявае салоўкаю птах
і лозы галінкі сагнулі.
Замыліўся трошкі і позірк, і смак,
так соладка зранку не спіцца,
а дні прабягаюць, як заяц-русак,
калі паляўнічы прысніцца.
Нішто не здзіўляе, бо маеш свой густ,
на катэгарычнасць - усмешка,
і кліча ў дзяцінства язмінавы куст,
што ўзімку, вялізнаю снежкай,
стаяў на надворку, пад самым акном,
спакой вартаваў нашай хаты,
каб моцна каліна не біла галлём
аб востры вушак сукаваты.
Даўно і нядаўна ўсё гэта было,
таўсцее мінулага скрутак,
а тое, што ўражвала, пахла, цвіло
для нас не звычайны набытак -
багацце, якога няма даражэй,
бо ў ім наша існасць і сіла,
што бляскам агню чалавечых вачэй
начны небасхіл запаліла.
https://www.stihi.ru/2017/05/03/4050
© Copyright: Людмила Воронова Супрун, 2017
Свидетельство о публикации №117050304050