|
казкі
Даў Бог сыноў-пагодкаў чалавеку.
Яны ў пяшчоце бацькавай раслі
Не тое, каб зусім ужо няўмекі,
Але ні ў чым майстрамі не былі.
Гады над імі птушкамі ляцелі:
За летам – восень, зімачка, вясна.
Мальцы нябачна неяк пасталелі.
І вось аднойчы бацька ім сказаў:
– Пара і за работу, хлопцы, брацца,
Каб на жыццё чым-небудзь зарабляць.
Якою справай марыце займацца?
Маўчаць сыны. Ну што каму абраць?
– Дык пойдзем, – кажа бацька, – з вамі ў людзі,
Пабачым, чым займаюцца яны –
Мо нешта вам з таго цікава будзе.
Пайшоў, а наўздагон – яго сыны.
У нейкай вёсцы ў кузні старажытнай
У рукі молат сын старэйшы ўзяў.
А быў ён гэткі кемлівы і спрытны –
Любую справу хутка пераймаў.
Прыгледзеўся да працы кавалёвай
Стаў побач, павучыўся, дапамог.
– Вось, бацька, і каваль табе гатовы –
І паказаў ім зроблены нарог.
– Ты добрую сынок, асвоіў справу.
Бо хто патрэбны людзям, той – з рублём.
Жыць працай – і карысна, і цікава –
Збудуем кузню – станеш кавалём.
А меншы сын ніяк сабе па сэрцы
Не мог занятак добры адшукаць.
А тут глядзіць – на лузе вол пасецца
І побач з ім нікога не відаць.
– А што, калі пачаць валоў мне красці?
Не цяжка, многа мяса – я б таўсцеў.
– Крадзі, – прамовіў бацька, – як удасца,
Раз ты нічога болей не схацеў .
І сын пагнаў вала сабе дадому.
А бацька кажа: ”Сынку, пачакай!
Мне трэба ў вёску гэтую. Знаёмы
Тут мой жыве. Мне часу трохі дай.”
Сын гоніць – і, бы ліст які, трасецца,
Са страхам азіраецца, бы воўк –
Ці не бяжыць за ім, ці не крадзецца
Той гаспадар, каму належыць вол?
На ўзлеску пачакаў вяртання бацькі,
З ім разам прывялі дамоў вала.
Зарэзалі. Праз нейкі час у хаце
Запахла свежанінай ад стала.
– Ну, сыне, знімем меркі і праверым,
Хто болей пасыцее ад мясца.
І бацька ўзяў шнурок і лоўка змерыў
Акружнасць шый – сваёй і малайца.
Вячэраць селі – бацька есць спакойна,
Хлапчына ж паглядае ўсё ў акно:
Шукае хто ці не? Ці не запомніў?
Ці не пільнуе побач, за сцяной?
Сабака брэша, йдзе ці едзе нехта –
Сын – за кавалак мяса – і ў куток.
Здаецца, ад сябе самога збег бы –
Дрыжыць, ажно не чуе рук і ног.
Так дзень за днём… Нарэшце, з’елі мяса –
І кажа бацька: “Ну, сынок, пара
Нам таўшчынёю шыі параўнацца.”
І ўзяў у рукі кончыкі шнура.
Памералі – зірнулі: патаўсцела
У бацькі шыя больш, чым удвая.
У сына ж патанчэла, нават цела
Схудзела – стаў памерам з вераб’я.
Сын дзівіцца: “Чаму так? Елі ж разам!”
“Бо ты, сыночак, з крадзенага жыў!”
“Але ж і ты валоў’е трэскаў мяса!”
“Але пайшоў спачатку, заплаціў!
Таму і пасыцеў, як ад свайго я.
А ты згарэў, бо страх цябе душыў:
Як сядзеш есці – ён паўзе змяёю.
На шыю – скок – і гадам на душы.
Таму вось ты і чэзнеш, і худзееш,
І ежа на карысць не йдзе табе.
Ад крадзенага, сын, не пасыцееш!
Шукай ты лепей працу для сябе!
1.10.2010
Колькi гадоў, колькi дзён, колькi часу
мне не вядома. Скажу, што даўно.
Але ўсiх папярэджу адразу -
можа iзноў паўтарыцца яно.
Як там у казках было? "Жылi - былi..."
Праўду сказаць, то жылi два браты.
Бацьку i мацi даўно схаранiлi,
але раслi без нiякай бяды.
У дзень працавалi ў полi ўдала,
ноччу асiлкавы бачылi сны.
Але аднойчы да iх завiтала
дзiўная птушка - прадвеснiк вясны.
Мабыць папаўся ў лапы да кошкi,
крыльца пашкодзiў той бедны жаўрук,
сеў каля ганка, падумаўшы трошкi,
ён падыйшоў аж да самых да рук.
Брат, што старэйшы, падняў недарэку:
"Што ты, малява, не можаш ляцець?"
"Возмем яго,"- кажа,- "глянем да лета,
можа паправiцца, будзе нам пець."
Ды пасадзiў жаўрука на вакенца,
крошак насыпаў, паставiў вады:
"Трэба хоць трошкi табе адагрэцца,
бо без цяпла ні туды, нi сюды".
Колькi прашло гэдак дзён - невядома.
Сiлы жаўрук той пацiху збiраў.
Крылы гаiлiся, знiкла i стома,
i ўжо зусiм маладзец акрыяў.
На прыканцы ўраджайнага лета
выняслi хлопцы на двор жаўрука.
"Можа спяеш, нам, жаўронак, за гэта?
толькi глядзi, не спаткай зноу кАта!"
Глянуў навокал жаўрук сарамлiва,
Пер'е пачысцiў, расправiў крыло,
потым нiбыта памарыў, ды дзiва-
сеў на шырокае брата плячо.
"Кыш, палятай!", - засмяяўся малодшы
ды падштурхнуў жаўрука ў жывот.
Водзiць плячом i рагоча старэйшы,
ну а жаўрук i не хоча ў палёт.
Перабiрае пацiху на лапках,
то ў валасы, то на плечы назад .
"Дзiва дык дзiва, то толькi ў казках,
выбраў цябе, а не поле цi сад!"
Смех тут ды смех, але трэба на працу.
У полi браты - разам з iмi жаўрук,
то ў баразне апынецца, то скача,
але далёка не ходзiць ад рук.
То падляцiць на стажочак саломы,
то выглядае на хлопцаў з травы.
Але нi кажа нi жалю, нi стомы,
усё каля iх - то туды, то сюды.
Скончана лета, халодная восень,
птушкi ў вырай зляцелi даўно.
Шэраю стала нябёсная просiнь,
першага снега ўпала святло.
Свята чакалi, гулянняў-калядаў.
Раптам аднойчы пачулi браты,
як жаўручок нешта цiха чырыкаў
седзячы каля замёрзшай вады.
Глянуў малодшы- а лёд прападае,
ну а вада- нiбы ў летку ручай,
водарам траў усё вакол напаўняе,
нiбы i хата- не хата, а гай!
Дзiву даюцца браты:"Вось дык цуда!
Не жаўручок, а вясны чараўнiк!
Зможаш ты так для сялянскага люда?"
А жаўручок скок на печку i знiк.
"Эх, напужаў ты цудоўную птаху"-
кажа старэйшы - "Цяпер не спяе".
"Як не спяе? Ну i даў, ты ,брат, маху,
возьмем з сабою на свята яе."
Гулi вакол, i вяселле, i песнi,
смех, карагоды пускаюцца ў пляс.
"Ну i навошта, жаўрук, мы прынеслi
песню тваю? Ёй патрэбен свой час".
Засумавалi браты i жаўрук разам з iмi
што не патрэбна зiмою вясна.
Але аднойчы марозам зiмовым
чутка нядобрая ў хату дайшла.
Кажа суседка - хварэе дачушка,
дыхаць не можа i лёд у вачах.
Плача матуля слязмi ў падушку,
ды i на сэрцы i жудась i страх.
Не згаварыушысь браты паднялiся
ды паняслi жаўрука да малой.
"Хай ен спяе, ты, матуля, малiся,
можа ён вылячышь холад вясной"
Доўга жаўрук щабятаў каля хворай,
пахла вясною i кветкамi ў хаце.
"Ты не хварэй, мая дзетанька, болей"-
цiха шаптала дачушачцы мацi.
Раптам i вочы дзяўчынка адкрыла:
"Мама, вясна, мне так цёпла, прыемна!"
Дзiўная птушка яе падлячыла
i не была тая песня дарэмнай.
Колькi гадоў, колькi дзён, колькi часу
з тое пары ўжо прайшло не вядома.
Але ў весну мы чуем адразу
тую цудоўную песню ля дома.
Беларуская народная казка.
Ажаніўся хлапец. Дзеўку добрую ўзяў
Не з тутэйшага краю – з далечы.
З маладою пажыў – шчасце ў хату прыдбаў.
Ды аднойчы паехаў да цешчы.
Цешча, радая госцейку – зяцю свайму,
І карміла яго, і паіла,
На прасмакі ж кісель згатавала яму:
“Пачастуйся салодзенькім, мілы!”
Хлопцу ўсё спадабалася: цешчын прыём,
Разнастайная ежа , пасцеля…
Ды найбольш зацікавіўся ён кісялём –
На радзіме такога не елі.
Не сцярпеў – запытаўся: “А што за кулеш?
Смаката – пра такую не марыў!”
І адказ атрымаў: “ З кулінаркай жывеш.
Папрасі – і яна табе зварыць.”
Ён паехаў дамоў. Наўспамін сабе узяў
Назву ежы смачной і спакуснай –
Колькі ехаў, нястомна яе паўтараў,
Каб зацвердзілі вушы і вусны.
Ды сустрэў чалавека і, ледзь павітаў,
Як забылася дзіўнае слова.
Што ж рабіць? Ён да цешчы ізноў паскакаў,
Каб яму нагадала нанова.
А каб гэтае слова ізноў не згубіць
Па дарозе ў нудоце бясконцай,
Папрасіў кісялю трохі ў кубак наліць,
Каб пасля паказаць любай жонцы.
Ды насустрач уздоўж прыдарожнай травы
Ехаў пан фанабэрысты ў брычцы.
Ўбачыў хлопец яго – шапку зняў з галавы
Па з дзяцінства засвоенай звычцы.
А з рукі на дарогу кісель яго – плюх!
І ў вялізную лужу - бясценны…
“Ах, панок!... Каб цябе…” І няўклюда наш – бух
Бы за скарбам, упаў на калены.
“Што ты, хлопец, згубіў?” – “Ды каштоўную рэч!”
І запоўзалі побач абодва.
“Як знайду, – углядаецца пан, – насамрэч
Прыхаваю сабе назаўсёды.”
Як ні мацалі ў лужы, у бруднай вадзе,
Пан і хлопча сабе паасобна,
Не знайшлі анічога такога нідзе,
Што было б на каштоўнасць падобным.
“А хай дз’яблы бяруць, недарэка, цябе!
Гразь дарма на кісель вунь змясілі…”
Тут хлапец аж падскочыў: “Успомніў! Кісель!”
І панёсся, бы чорт, на кабыле.
“Пэўна, нейкі вар’ят”, – сумна вырашыў пан, –
Што ты зробіш яму, небараке?”
А хлапчына тым часам дадому скакаў –
Да сваёй кісялёвай прысмакі...
А вы такую казку чулі?
У дальнім лесе ў даўні час
Жыла-была адна зязюля.
Вось пра яе і будзе сказ.
Яна гарэзай-весялухай
Між іншых птушачак расла,
Але бацькоў сваіх не слухаць
Яшчэ з маленства пачала.
Што ні гавораць ёй – не чуе.
Час не марнуючы ў гняздзе,
Дзе хоча лётае, начуе,
Жыццё разгульнае вядзе.
А прыляціць – усё сваволіць,
Трасе какетліва хвастом
І, абскакаўшы жвава голле,
Ізноў кідае родны дом.
Так лета, восень прамільгнулі,
Зіма… Вясна пчалой гудзе…
Ў пачатку ліпеня ў зязюлі –
Ужо нашчадак у гняздзе.
Заўжды галодны, жаўтароты,
Разявіць дзюбу – і пішчыць…
А гора-маці не ахвота
І чарвячка яму злавіць.
Зязюля сораму не мае.
Ну што ёй звод птушыных норм!
Яны сыночка падкідае
Ў гняздо чужое – на пракорм…
І з той пары зязюля яйкі
Хавае ў гнёзды іншых птах.
І гэта – праўда, а не байкі!
Ужо так склалася ў вяках!
Але жыццё, як дзень, згарае.
Няўмольны час абтрос галлё.
Зязюля – хворая й старая –
Шукае дзіцятка сваё.
Шукае, кліча... У наўколлі -
“Ку-ку! Ку-ку!” – і цішыня…
Дранцвее лес, нямее поле…
“Ку-ку! Ку-ку! Дык гэта ж я!”
Вось так і гойсае па свеце:
Крычыць то ў тым, то ў тым баку.
Ды свет маўчыць. І толькі вецер
Разносіць сумнае “Ку-ку!”
30.03.2011
|