Хто хлусіць,
Той вып'е і закусіць,
А хто праўду кажа,
I так спаць ляжа.
З народнага
Ну што ж, хлусі, ну што ж, брашы
З усіх сваіх абмонаў —
Грабі ў кішэні барышы,
Балюй,
жыві з разгонам!
Што ж да мяне, то хай і так
Я лягу спаць парою,
Але не змусіш аніяк
Мяне
крывіць душою.
Хлусі, віляй, убок адводзь
Свой зірк, хавай у ночы,
А трэба, у сабакі хоць
Пазыч на хвілю вочы!
А я хачу і жыць, і пець
У лад з душой — што будзе.
I ўсюды, дзе б ні быў, глядзець
Адкрыта ў вочы людзям!