Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

старасць

Сярэдняя: 4.6 (138 галасоў)

“Старэчая любоў”… Нашто такія словы?!
Пакуль кахаеш ты, гадзін не лічыць лёс!
Калі дзеля любві на подзвігі гатовы,
Хай не гняце цябе сапраўдны твой узрост!

“Старэчая любоў?”… Мо, спелае каханне?
Не варта ўспамінаць, якім ты быў раней!
Няхай ужо цішэй пачуццяў шугаванне,
Але святло любві – жаданей і мілей!

“Старэчая любоў” – не толькі пацалункі,
Але і тое, што ... так дапаўняе іх:
Усмешак цеплыня, паднесеныя сумкі
Ды шчэ "паходы" ў парк увечар удваіх…

“Старэчая любоў”… Сімфонія абдымкаў…
З пяшчотай у вачах, слязінкай на шчацэ…
Ці ведае юнак з даўнішніх фотаздымкаў,
Што шчасце – калі ёсць рука ў тваёй руцэ…

“Старэчая любоў" – не горшая на свеце!
Калі б жыцця яшчэ – абраў такую б зноў!
Не здолець маладым у іх спякотным леце
Спазнаць салодкі смак асенніх маразоў!



Сярэдняя: 4.6 (25 галасоў)
Неспадзявана старасць падышла.
А я сябе старым яшчэ не чую.
Як брамку,
                што сарвалася з шула,
паправіць долю ўласную хачу я.

Усё было. І блага. І дабро.
Што важыць больш?
                                 Рахунак наспявае.
А чорт настырна лезе пад рабро,
няўзнак яму,
                     што галава сівая.

Ах, маладосць!
                        Яна сышла,
                                           як госць.
З гурмой сяброў.
                           З бяздумнай весялосцю.
Чаўпецца ў брамку
                              векавая злосць.
Ды клямку
                не адкіну перад злосцю.

Хай дабрынёю поўніцца душа.
Хай дабрыня і ў сэрцы запануе.
Нібыта ўвосень яблыкі з каша,
спагаду ўсім пакутным прапаную.

Прад імі брамку я не зачыню.
Для іх мая сядзіба не пустая.
Хрыстос па свеце сеяў дабрыню.
Яна ўва мне нарэшце прарастае.

Неспадзявана старасць падышла.
Гады атрэсла. Як вятрыска ліпу.
А я прыладзіў брамку да шула,
каб шчыра адчынялася, без рыпу.


Сярэдняя: 4.8 (24 галасоў)

старая страціла розум. яе стары
хутка губляе зрок. і слых. на ўсё навакольле
па тэлефоне намякае на рознае. нумары
з большага выпадковыя.

зрэдку дазваньваецца дачцэ. дачка
зрываецца з працы, прылятае ў вёску,
прыбіраецца ў хаце, просіць яшчэ пачакаць.
болей нічога ня просіць.

гатуе старому. ўздыхае. кладзецца спаць,
ёй падоўгу ня сьпіцца. такое гора:
усё-такі ж маці.
ранкам моўчкі з’язджае ў горад.

старая бачыць сябе маладой. пазнае
старога, дачку, вядоўцу з тэлепраграмы.
дзіўна глядзіць на ўнукаў. яны на яе
таксама.

старасьць ня лечыцца. кажа сваяк,
урач з абласной бальніцы.
ён, улічваючы гэты факт,
браць на сябе адказнасьць баіцца.

увечары дзьверы замкнёныя на ключы.
стары чытае ўслых, пераказвае байкі.
радыё па начох маўчыць. увогуле ўсё маўчыць,
акрамя сабакі.



Сярэдняя: 4 (2 галасоў)

Струхлелы плот схіліўся сумна,
I пасівелы гаспадар
Да шыбы прыхіляе твар,
Глядзіць самотна і задумна.
Яго таксама падкасіла
Гадоў нялёгкая ралля,
I толькі зоркай медаля
Праменіць дзён юнацкіх сіла.
Сядзіць маркотна гаспадар,
У доме – болей ні душы...
Ляцяць імкліва ад шашы
Снапы ад фар – на твар, на твар...