Адчыняцца дзверы, глытне цяплыню падстрэшша
І жоўтыя лямпы на момант асветляць снег.
Ён мякка прылёг на мяжы лістапада-снежня
І ціха чакаў, каб у вочы зірнуць табе.
Раскінецца вечар тканінаю-аксамітам
І зоркі заззяюць па ўзмаху тваёй рукі.
А ты усміхнешся. Сягодня табе адкрыта
Ўсё тое, што неверагодна ўявіць другім.
Па ветры пацягнецца водар тваіх акацый,
Блакіт зацярушыцца лёгкай буйной крупой.
Гучаць галасы. І ты можаш не сумнявацца,
Што словы гараць захапленнем адной табой.
Ты марыш, ты верыш...
Цярпліва сняжок кружыцца,
Жадае паслухаць найпершае інтэрв'ю.
"Ты будзеш вядомай", - нашэптвае Вечарніца.
А сёння - пачатак.
Маленькі зусім
Дэбют.