Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

снег

Сярэдняя: 5 (7 галасоў)

Я Табе пакінула сэрца
у снягох між лясоў дрымучых,
дзе ў палёх немагчыма сагрэцца:
дзьме там вецер: халодны, пякучы…

У тым полі самотна каліна
гне галлё аж да самага долу.
Вецер ломіць яе непрыхільна:
праз жаданне, праз мары, праз волю.

Мо суцішыцца недзе бліз ночы -
яна ўздымецца ледзьве жывая:
бы спрасоння дзявочыя вочы,
сваё вецце да зор уздымае.

Ціхо моліцца, ветру нячутна,
аб цяпле і аб жнівеньскім сонцы,
і аб полі: ўзараным, пахучым;
і аб лісці: зялёным і сочным.

Толькі неба маўчыць самотна,
адно вецер сцюдзёны ўздымае.
Бела-срэбраным покрывам сцюжа
ту каліну снягамі хавае.

Тое поле лясы абкружылі,
ахінулі, схавалі ад вока,
быццам скарб які там баранілі
ад нядобрага, злога, дурнога…

Я сваё там пакінула сэрца -
там, пад пільнымі вочкамі сцюжы,
Дзе снягі і німа як сагрэцца,
і дзе злыя вятрыскі бушуюць.

Ах! Каліна, мая ты каліна!
Хай прыціснуў вятрыска да долу,
але прыдзе, надыдзе часіна,
і уздымеш ты вецце да зораў!



Сярэдняя: 3.7 (7 галасоў)

Адчыняцца дзверы, глытне цяплыню падстрэшша
І жоўтыя лямпы на момант асветляць снег.
Ён мякка прылёг на мяжы лістапада-снежня
І ціха чакаў, каб у вочы зірнуць табе.

Раскінецца вечар тканінаю-аксамітам
І зоркі заззяюць па ўзмаху тваёй рукі.
А ты усміхнешся. Сягодня табе адкрыта
Ўсё тое, што неверагодна ўявіць другім.

Па ветры пацягнецца водар тваіх акацый,
Блакіт зацярушыцца лёгкай буйной крупой.
Гучаць галасы. І ты можаш не сумнявацца,
Што словы гараць захапленнем адной табой.

Ты марыш, ты верыш...
Цярпліва сняжок кружыцца,
Жадае паслухаць найпершае інтэрв'ю.
"Ты будзеш вядомай", - нашэптвае Вечарніца.

А сёння - пачатак.
Маленькі зусім
Дэбют.



Сярэдняя: 3.9 (53 галасоў)

Такое маўчанне ў снезе,
такая далеч,
такая бель -
што замірае душа: не ўмее яна яшчэ быць такою.

Шастае шорсткая асака.
Сінеюць самотныя лозы.
У вёсцы запальваюць агні.
У снега позірк маіх надзей,
у снега маіх летуценняў голас.
Снег, ты з бясконцасці? ты з дасканаласці? ты са скону?

Усё, што буяла, цвіло, красавала,
Усё, што стала мінулым,
Усё, што вярнуцца назад не можа, -
Вярнулася ў белы снег.

У наваколлі яшчэ адно наваколле,
У адвячорку яшчэ адзін адвячорак,
У долі яшчэ адна доля: снег.
Свет спавядаецца перад снегам.
Кранаю далонню снег.



Сярэдняя: 4.4 (31 голас)

За вакном сягоньня
Зноўку сьнегапад.
Сыпе, сыпе зь неба
Сьнежны зоркапад.
Кожная сьняжынка,
Бы метэарыт,
Падае да долу,
Толькі не гарыць.
Любая, каханая,
Паглядзі ў вакно,
Ўся зямля накрытая
Белым палатном.