Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

1924

Сярэдняя: 5 (7 галасоў)

Беланогі, расчухраны месяц
Лявоніць у лісці кляновым.
Мне чупрыны не хочацца звесіць
Ў гэты вечар аўсяна-зялёны.

Я пайду сінявою мурожнай
Да начлежнікаў, хлопцаў буяных,
Хай прыгорне мяне вербалоззе,
Бо я хмелем сягонняшнім п’яны.

Ой вы, поплавы ў шэрай сярмязе,
Веснавейце ў даліне-лагчыне!
Мяне променем сонца абвяжа,
Пакланюся я нізка айчыне.

Закалосяцца песні ла весніц,
Заспяваюць таполі і клёны.
Мне чупрыны не хочацца звесіць
Ў гэты вечар аўсяна-зялёны.



Сярэдняя: 4.2 (20 галасоў)

Возера дрэмле…
Вербы зялёныя
стан пахілілі
на сонную гладзь,
ў постаці ціхай,
пад ночы апонаю,
сны старажытнасці сняць.
Ўдовы-бярозы
сваімі каралямі
горда глядзяцца
ў люстэрка вады;
ззяюць крыштальнымі,
дзіўнымі хвалямі,
сцелюць на воду
адбіткі-сляды.
Месяц-юнак,
круглаліцы, бялявы,
поглядам ніжа
азёрную глыб,
косы спусціўшы
на ўдумныя з’явы,
ціха плыве
над разлогам сяліб.
Зоры гараць
па-над возерам вольным,
човен цалуе
спакойную сінь,
плаўна калышацца
ўзмахам павольным,
будзіць нямую,
застыўшую плынь.



Сярэдняя: 4.6 (13 галасоў)

...О так! Я — пралетар!..
Яшчэ учора раб пакутны —
Сягоння я зямлі ўладар
I над царамі цар магутны!
Мне бацькаўшчынай цэлы свет,
Ад родных ніў я адвярнуўся —
Адно... не збыў яшчэ ўсіх бед:
Мне сняцца сны аб Беларусі!



Сярэдняя: 4.4 (116 галасоў)

Пастушкі гулялі,
Каляду ігралі:
Бог нам аб'явіўся,
Хрыстус нарадзіўся
— Каляда-Каляда, гэй.

Не ў пышных харомах,
Ані ў панскіх домах:
У маленькай хаце
Яго туліць Маці
— Каляда-Каляда, гэй.

Трэба несці дары,
Трэба даць ахвяры:
Як мы і Ён кволы,
Хоць кругом анёлы
— Каляда-Каляда, гэй.

Гукнём нашу песню,
Як бы на прадвесні:
Хрыстус свет адменіць,
Голаў злу прышчэміць
— Каляда-Каляда, гэй.

Чэсць Табе, Марыя,
Чыстая лілія:
Цябе Божай Маці
Будзем называці
— Каляда-Каляда, гэй.

І Язэпу слава
Няхай бы паўстала:
Бо ў яго ж прынятку
Марыя з Дзіцяткам
— Каляда-Каляда, гэй.

А волікам тутка,
Што стаяць ціхутка,
І гэтай асліцы
Прынясём травіцы
— Каляда-Каляда, гэй.

Хвалім вельмі Бога,
Бо нам дарагога,
Спаслаў Сына з неба,
Каб душы даць хлеба
— Каляда-Каляда, гэй.

Браточкі гукніце,
На ўвесь свет пяіце,
Што Бог чалавеку
Спагадаў ад веку
— Каляда-Каляда, гэй.