Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

1962

Яшчэ не ацэнена

Я люблю пазіраць, як раніцай
Сонца ўсім раздае нарад,
У празрыстай расе купаецца,
Белым воблачкам уціраецца,
Аглядае свой далягляд.

На двары ж – раскашуе верасень.
З яго ветрам я заадно
Далягляды свае праверу ўсе,
Мо забыў што на ўзлеску ў верасе,
Калі бегаў там басанож?..

Атрымаўшы нарад нялёгкі свой,
Паспяшаю-лячу ў бары.
Чую, рэха маё галёкае...
І сягоння яно, далёкае,
Адбіваецца на пяры.

Вецер крочыць у замець пожняю,
Трэба ў лес мне за ім паспець,
Зазірнуць там пад хвою кожную,
Мо зямлянка дзе ёсць парожняя
Ці касцёр, каб радок сагрэць?

А на крылах гаючых ліпеня
Я ў сваё зазірну сяло.
Трэба мне пустазелле выпалаць
І хутчэй тое зерне выспеліць,
Што для радасці прарасло.

Крылы ветру заўжды патрэбны мне,
Каб не змог запыніць спакой.
З даляглядамі, што абветраны,
Я здружыўся не кіламетрамі,
А ўсім сэрцам, усёй душой.



Сярэдняя: 4.5 (302 галасоў)

Ад шчасця сэрца скача, як дзіця,
Ад бед яно, як млын, шуміць начамі,
Варочае цяжкімі камянямі,
Падлічваючы горычы жыцця.

Ды сэрцу быць гадзіннікам не гожа:
Спынілася – і ўжо не завяду,
Яно секунды адбіваць не зможа,
Калі падкосіць смерць маю хаду.

Яго ў рамонт, як здарыцца патрэба,
Я не аддам дасведчаным майстрам
І, як стары гадзіннік, не прадам
У дні нястач і бед за лусту хлеба.

Затое з ім далей у свой паход
Я крок у крок датуль ісці гатовы,
Пакуль не скончыцца яго жыццёвы,
На ўвесь мой шлях разлічаны, завод.



Сярэдняя: 4.3 (100 галасоў)

Ёсць у паэта свой аблог цалінны,
Некрануты прастор для баразён,
Дзе ён працуе з першае хвіліны
І да апошніх вечаровых дзён;

Ёсць думак прагавітае насенне,
У жменю назбіранае з дарог,
Што спелага чакае ўвасаблення,
Заліўшы хваляй жытняю аблог;

Ёсць сэрца маладое, без якога –
Без палкага, жывога пачуцця –
Няма ў яго нічога: ні аблога,
Ні плённых дум, ні самаго жыцця;

І ёсць адказнасць перад строгім вершам,
Перад яго пачаткам і канцом –
Каб баразну, радком пачаўшы першым,
У сноп звязаць шаснаццатым радком.



Сярэдняя: 5 (4 галасоў)
Зацішкі росныя палян
Ніколі сонца не праспалі, –
Красу вясны ў сябе вабралі
Зацішкі росныя палян.
У час суровы, ў дні вайны
Тут ракаталі грозна сосны,
Сваіх братоў хавалі сёстры
У час суровы, ў дні вайны.
Яны навек тут засталіся,
Каб смерцю смерць перамагчы, –
Красу зацішкаў берагчы
Яны навек тут засталіся.
І ў лесе –
                мір і цішыня,
Якіх так праглі партызаны.
Паслухай вечарам ці рана:
У лесе –
               мір і цішыня.
Зацішкі росныя палян
Спавіты ранішнім спакоем...
Не, нездарма грымелі боем
Зацішкі росныя палян!..