Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

удзячнасць

Сярэдняя: 4.8 (4 галасоў)

Не раз, не два ў шалёным віры спраў
Са мною рэч здаралася такая:
Ты мне плячо, як сябра, падстаўляў
І мой надум на розум настаўляў.

А мне падзякваць –
часу не хапае.

Не раз, не два зрынаўся я ў бяду
І быў на грані крайняга адчаю.
Ты ратаваў мяне, і мы – удвух –
І праз агонь прайшлі, і праз ваду.

А мне падзякваць –
часу не хапае.

Не раз, не два Ты рукі прасціраў
І нёс мяне над зеўраю – па краі.
Ды я сляды – адныя – назіраў,
Лічыў сваімі, здрадцу дакараў.

А мне падзякваць –
часу не хапае.

Не раз, не два мяне касіла смерць.
Ты мне вяртаў жыццё, змяніцца раіў:
У змрочны час агменем палымнець,
Каб асвяціць кагосьці і сагрэць.

А мне падзякваць –
часу не хапае.

Не раз, не два, знямогшы ў барацьбе,
Я прызываў: "Прыйдзі! Ратуй, чакаю!"
Але ж і сёння болей у журбе
Імкнуся я, Гасподзь мой, да Цябе.

А на падзяку
часу не хапае...

31.05.2014



Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Вялікадзякую,

Гасподзь і Творца мой,
за блаславёны небам дар жыцця зямнога:
за кожны дзень з яго дзівоснай навіной –
ад часу досвітку до прысмерку начнога!

Вялікадзякую

за ціхі веліч зор,
за цуд народзінаў агменнага Свяціла,
якое ўсёй Зямлі, імгле наперакор,
даруе шчасцейка святла, цяпло і сілу!

Вялікадзякую

за пацеркі расы
і першых промняў міжгалінкавыя стоды,
за пышнасць квецені і птушак галасы,
якія шчодрасці Тваёй узносяць оды!

Вялікадзякую

за рэкі і лугі,
за азярыны і за ўрочышчы лясныя,
за мілы край мой беларускі, дарагі.
У іншы з'еду – па сваім сардэчка ные!

Вялікадзякую

за лета хараство,
за танга лісцейка і блюз дажджоў асенні,
за ўцехі зімнія – за снег і за Раство,
і за другое белапенне – сад вясенні!

Вялікадзякую

за ночак прыгажосць,
за карагод цікаўных зорак у нябёсах.
І за людзей – усіх, якія побач ёсць
і ўсіх, каго яшчэ знайду на тропках лёсу!

Вялікадзякую

за тое, што заўжды
мяне Сваёй Бацькоўскай Ласкаю вянчаеш.
Усё – ў Табе і Ты – ва ўсім.

О, Бог Святы!

Вялікадзякую!

Вялікавелічаю!

2.06.2014



Сярэдняя: 4.6 (8 галасоў)

Дзякую, нябесны Ойча,
што стварыў мяне аднойчы,
што ў халодны дзень зімовы
небыцьця разьбіў аковы,
адчыніў жыцьця мне дзьверцу,
і застукалася сэрца.
Я Тваім ягняткам стала,
Бо любіў Ты дасканала.

Дзякуй, Божа, за малітву,
што гучыць
у кожнай бітве з сатаною
дзіўным сьпевам,
каб з Тваім Айцоўскім гневам
прымірыцца назаўсёды.
За малітву, што народы
лучыць моцаю цудоўнай
і надзеяю чароўнай.

Дзякуй за Марыю-маці,
у якой усе мы брацьці;
за яе сьвятыя ўзоры
веры, мужнасьці, пакоры..
За заступніцтва й апеку
матчыны для чалавека
і за цуд Унебаўзяцьця
Беззаганнага Зачацьця.

Дзякуй за жыцьцё у міры,
неба белага эфіры,
за бязьмежжа супакою,
што ласкаваю рукою
сьцеражэш у нашых душах,
каб спаўнялі волю слушна
Тваю, Божа наш, сьвятую,
бо яна нас накіруе.

Дзякуй, Пане, за Радзіму,
наймілейшую, адзіну,
за зямлю, што з песьняй продкаў
расквітнела нетаропка.
З Тваёй Божай дапамогай
сталася яна не ўбогай
і нядужнай, а у зяньні
сонца промняў і каханьні
фарбамі цьвіце свабоды
на хвалу Табе й народу!

Кіра



Сярэдняя: 4 (3 галасоў)

Падставіўшы крыўдзіцелю шчаку,
Да сэрца боль абразы не бяры –
Збывай: запісвай крыўды на пяску,
Каб сцерлі нават след ад іх вятры.

А нечай дабрыні не забывай –
Калі табе хто-небудзь дапамог,
Удзячнасць на каменні высякай,
Каб нават ураган садзьмуць не мог.

31.05.2010