Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Уладзімер Дзехцярук

Сярэдняя: 4.2 (5 галасоў)

ВЕТРАЗІ

Мора без ветразяў - неба без зор,
Вока спыніць на чым ?...
Дух рамантычны як быццам памёр
З часу, калі на сусьветны прастор
Выйшлі знаёмыя ўсім нам матор,
Нафта, вагонь ды дым.

Грукат металу пайшоў праз вякі
Колам, крылом, вінтом...
Толькі знайшліся і тут дзівакі -
Мачты ўзьняліся з іх лёгкай рукі,
Вецер шукаючы прагна, які
Змусіў пакінуць дом.

Вось яны! Зноў па адкрытай вадзе
Фарбы нясуць свае!
Рэдкія ветразі мара вядзе,
Кінуўшы выклік штармам ды бядзе...
Мабыць таму, калі бачу іх дзе,
Ўзрушана сэрца б'е !!!

Хапсалу, 1997 г. З зборніка вершаў
"Трылабітавы бераг" Ківіылі, 1999 год.



Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

ВЯРТАНЬНЕ

Развітаньне...- звычайная справа!
Шмат разоў я ўжо зьведваў яе,
Але...смачная матчына страва
Штосьці комам у горле стае.

За дзьвярыма бацькоўскае хаты
Зноў кажу сваёй шчырай радні:
-Не крыўдуйце,мо ў чым вінаваты?..
Трэба ехаць...Канчаюцца дні...

Пацалункі, апошнія словы,
Гул аўтобусны, Кобрын ды Брэст,
Цягніка перастук адмысловы,
Пецярбургскага вершніка жэст...

Я жыцьцё сваё зноў пражываю,
(Хто памылак у ім не рабіў!),
Кожным крокам сябе адрываю
Ад таго, што пакінуў, згубіў...

І ахвота спыніць тыя крокі,
Каб душа не танула ў журбе,
Бо вятраньне маё,як уцёкі,
Ад сяброў, ад самога сябе.

Не спыніцца.Мне ўжо не спыніцца!
Зноў закруціцца дзён карагод,
Будзе зноў мая вёска мне сьніцца
Кожнай ноччу бязьлітасны год...

Напаўняецца сэрца пустэчай...
Шлях праз мост і кантроль на мяжы...
Пасьля летняй з радзімай сустрэчы,
Я вяртаюся ў горад чужы.

Пецярбург - Ківіылі, 1994 год. З зборніка
вершаў "Сярод белых эстонскіх начэй".Талін 1995.



Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)

ДЗЬВЕ КУМЫ

Ёсьць дзьве кумы.І іх са дна
Шпурнула хваля ўверх тугая.
- Я - прэзідэнт ! - крычыць адна.
- А я - стваральніца! - другая.

Адна вярзе: " Гуртую плынь!
Так шмат жадаючых напіцца!..".
Другая крывіцца: " Астынь!
Табе ўсё гэта толькі сьніцца...".

Адна пяе: " Я столькі год
Народу праўду гаварыла...".
Другая гне: " Які народ ?!.
Вось я стварыла, дык стварыла!".

Ўскіпае першая кума:
- Не ты! Не ты! Прызнацца здолей!
Між нас стваральніка няма...
- А прэзідэнта-дык тым болей!

Цябе-ж ніхто не абіраў.
Скажы адкрыта, самазванка,
Што за табой - ніякіх спраў!..
-А ты наглей любога танка!

І не было такіх пасад,
Куды-б не несла ты шкарпэтак.
А крок суціш, зірні назад,
Дык там - збаночак нейкіх кветак...

...Пакуль шумяць тут дзьве кумы,
Пакуль ім славы не хапае,
Давайце ўсё-ж заўважым мы,
Што праўда ў сварцы праступае.

Ды не яна патрэбна ім,
І не даверлівыя людзі,
А маскі, пудра, фарбы, грым,
Бляшанкі нейкія на грудзі.

-Я - прэзідэнт!- адна крычыць.
Другая штосьці ўсё стварае,
А я кажу: " Пара лячыць.
Бо едуць дахі. Бог карае...".

А кумкі ходзяць па зямлі,
Трасуць абшар хлусьлівым звонам...
...І не зьдзіўлюся я, калі
Хтось стане з іх Напалеонам.

Аўтар: Уладзімер Дзехцярук. З новых вершаў.
Эстонія, Йыхві,люты 2016-га года.



Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

К А Л Ю Ч К І

******************************
У кожнага часу ёсьць рысы свае,
Свае знамянальныя даты :
Пазіцыі Брэжнеў паціху здае,
А потым прыходзіць Гарбаты...
********************************
Настрой мой паляпшае
Ліцьцё пустой вады :
Ўжо нехта й запрашае
Мяне ў свае рады !..
******************************
Пад гром сумніўных перамог,
Пад гукі велічных "праграм",
Яны забыліся, што Бог
Стварыў на сьціпласьці свой храм.
***********************************
Усім знаёмым я дарую -
І тым, хто зьнік, і хто жывы,
І тым, хто ў думках ладзіў збрую
Да вольнадумнай галавы.
************************************
Сустрэча, сухенькі ківок галавы,
Вачэй ганарлівыя долькі...
Спадарыня, родная, слухайце, вы
Мне сьмешная вельмі. І толькі !
************************************
Здабыўшы славу ды пашану
Ў тым "хоры", зладжаным да поту,
Спытай: " А кім я заўтра стану,
Калі вазьму не тую ноту ?".
************************************
Каб цукар адрозьніць ад солі,
Не трэба ні сварка, ні крык.
Даволі, спадарства. Даволі...
Сыпніце-ж хоць штось на язык!
*************************************
Калісь пасохнуць нашы рэкі,
Калісь лясы павыміраюць,
Бо хто-ж зьнясе ўсе тыя зьдзекі,
Якія людзі вытвараюць ?!.
************************************
Спыніся хоць раз між людскога патоку,
І быццам раздвойся. З другога ўжо боку
Зірні на сябе, акуляры прачысьць...
Ад гэтага, кажуць, бывае карысьць.
*************************************
Калі мастак малюе кветкі,
Не рызыкуе ён нічым :
Ёсьць круглы стол, і ёсьць аб'едкі,
А пра астатняе - змаўчым...
************************************

З зборніка вершаў "Па-над Фінскай затокай"
Эстонія,Йыхві, 2013 г.