У нязнаную дарогу ў даль паехаў мiлы...
Позна, позна цёмнай ночкай дзеўка варажыла...
Быццам думкай - ўзорам доўгi ручнiчок снавала,
ды кашулю васiлькамi, шоўкам вышывала.
Казаў месяц рана зорам, што ў начы дзяўчына
I пояс вышыты узорам сьлязмi прамачыла...
Ужо прыехаў з падарожжа, ўжо вярнўуся любы,
абяцаў ён жуковiнку дзеўчыне да шлюбу.
- Што рабiла, дзяўчынанька, цi хоць сумавала?
Мо' ў каморцы зачынiўшысь паясок снавала?
- Ой, не ткала паясочка, не зазнала суму -
праскакала цэлу ночку пад гармонiк шумны!...
Прапяяла у кампаньнi вечар васiльковы,
прастаяла да сьвiтаньня, ой, ды з хлопцам новым!
Мо' дзяцюк дзяўчыне быў-бы i паверыў,
каб ня пояс ўзорна-сiнi, што на стан прымерыў.
Каб не тыя васiлёчкi, макi на кашулi,
што цьвiлi з-пад рук дзявочых, калi ўсе паснулi...