Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Алесь Наркевіч

Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

Імжыць.
Нібыта, зь неба словы
Казычуць прахалодай твар.
Ім жыць
І кожны раз нанова
Складаць камусьці лемантар.
Вучыць
Пра вечнасьць і прастору,
Пра час, пра існасьць,
Сэнс і сутнасьць,
Каб апраўдаць тваю прысутнасьць
Ў вар’яцкім чалавечым моры,
Якое ні ў журбе, ні ў горы
Не заціхае,
Не маўчыць…
Імжыць.
4/01/2015



Сярэдняя: 4.8 (4 галасоў)

А чым яшчэ заняцца ўвосень,
Калі жыцьцё – ў напрамку дна,
Калі зьядае шэрань росы
Ды так няўтульна безь віна?..

А чым яшчэ заняцца ўвосень,
Калі дажджы празь небакрай?..
Дажынак сьвята адбылося...
І – дзе ЯНО!?! – шукай-гукай!..

А чым яшчэ заняцца ўвосень,
Калі любая навіна –
Не угаворвае, ня просе –
А патрабуе ўзяць віна?..

...І далягляд чырвона-жоўты,
І шыза-сіні сябра твар,
(Ледзь здольны вымавіць: “пайшоў ты...”)
І стойка бара, як алтар...

А чым яшчэ заняцца ўвосень –
Блукаць ў тумане летніх сноў...
Калі ўжо старасьць на парозе,
І кліча сьмерць: “Let’s go! Let’s go!..”



Сярэдняя: 5 (1 голас)

Адвыкаю ад цябе.
Сьмех і голас забываю.
І надзей ужо ня маю
Лашчыцца ў тваім цяпле.

Адвыкаю ад цябе.
Сэрца поўніцца адчаем.
І бяссоннымі начамі
Быццам кот душу скрабе.

Я аб цудзе не малю.
Папіваю моўчкі каву.
Невясёлая забава –
Чорную самоту п’ю.

Адвыкаю. Мілы сон
Ўсё радзей у фарбах бачу.
Не сьмяюся і ня плачу,
Перайшоўшы Рубікон.



Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Аднойчы прыходзе стома.
Ў які-небудзь ціхі вечар.
Калі ўжо усё вядома
(а зьведанае – пустэча).
Ніякіх ня трэба словаў.
Зусім не цікавяць пляны.
Ўсе мары мае – удовы.
Ўсе мроі – без капітана.
Сьвятла не палю
і зданьню
Блукаю за зьнічкай-часам.
Ужо не баляць пытаньні.
Ужо не смыляць адказы...
У сьвеце далёкім, блізкім,
Праз ісьціны і навукі –
Важней за усё – калыска,
Што гушкаюць маміны рукі,
І ціхая калыханка,
І смачнае цяпло смочак,
І сьветлая ўсьмешка ранкам,
І нібыта неба – вочы.