Баль грыміць… Выпускны!..
Маладзее ўвесь свет і кружыцца…
Вальс дарослай нашай вясны
Зоркі з намі таксама танцуюць —
На азёры паглянь, на рачулкі
і лужыны…
Вальс!.. Вальс!.. Танчым мы!..
Сэрца бурнаю радасцю поўніцца…
Аднакласніца ж, не маўчы,
Як пралеска вясною ў бары,
Мне зіхотны ўсмех падары —
Праз гады хай жа з вальсам
успомніцца.
Вальс гучыць!.. Ўсезямны!..
Нас чакаюць шляхі і прасцягі новыя.
Вальс апошняе школьнай вясны
Будзе жыць ва ўспамінах,
прыходзіць у сны…
Не, ніколі яго не змагу я забыць,
Як і вочы твае, як і вусны пунсовыя…
Вальс па школе плыве… Выпускны!.. —
Вальс дарослае нашай вясны…
Я прашу, я малю: «Вальс, гучы, не канчайся!..
Я жадаю яшчэ і яшчэ пакружыць
З аднакласніцай, любаю мне,
Пад мелодыю бальнага вальса…»
Баль грыміць… Выпускны!..
Маладзее ўвесь свет і кружыцца…
Вальс апошняе школьнай вясны
Будзе жыць ва ўспамінах,
прыходзіць у сны…
Не, ніколі ён мной і табой
не забудзецца!..